У літанію да святога Юзафа дадаюцца новыя звароты

Папа Францішак вырашыў “абнавіць” літанію да св. Юзафа, зацверджаную Святым Пасадам у 1909 г., уключыўшы ў яе сем новых зваротаў, узятых з разважання Пантыфікаў над аспектамі асобы апекуна Паўсюднага Касцёла.

Такім чынам у літаніі з’явяцца новыя звароты:

  • Custos Redemptoris быў узяты з адгартацыі Redemptoris custos св. Яна Паўла II;
  • Serve Christi – з гаміліі св. Паўла VI, прамоўленай 19 сакавіка 1966 г.;
  • Minister salutis аўтарам звароту з’яўляецца св. Ян Залатавуст – яго цытуе св. Ян Павел ІІ ва ўзгаданай адгартацыі Redemptoris custos;
  • Fulcimen in difficultatibus – так характарызуе св. Юзафа Папа Францішак у пралогу нядаўняга Апостальскага ліста Patris corde;
  • Patrone exsulum, Patrone afflictorum, Patrone pauperum – паводле Апостальскага ліста Patris corde.

У адмысловым лісце Канрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў падкрэсліла, што арганізацыяй перакладу на нацыянальныя мовы і выданнем новай рэдакцыі літаніі займуцца мясцовыя Канферэнцыі Біскупаў. Не будзе неабходнасці ў зацвярджэнні перакладу Апостальскай Сталіцай. Больш за тое, епіскапаты змогуць унесці ў літанію іншыя звароты, якімі св. Юзаф ушаноўваецца ў іх краінах.

Нагадаем, што сёлета адзначаецца 150-я гадавіна абвяшчэння св. Юзафа апекуном Паўсюднага Касцёла. Гэта стала нагодай для абвяшчэння Папам адмысловага Года, прысвечанага Абранніку Багародзіцы. Ён распачаўся 8 снежня 2020 г.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку