У Лепелі адзначылі юбілей касцёла Святога Казіміра

1 сакавіка 2026 года Лепель прачынаўся. Над возерам жоўтых гарлачыкаў павольна падымаўся лёгкі туман, і яго бялёсыя клубы, як малітвы, цягнуліся да нябёсаў. Паветра было прасякнутае пахам ранняй вясны – зямля дыхала, абудзеная цёплым ветрам, і ўсё навокал быццам чакала вялікай падзеі.

Сёння горад святкаваў духоўны юбілей – 150 год касцёлу Святога Казіміра. Гэта святыня даўно стала не толькі месцам малітвы, але і душой самога Лепеля. Яе белыя сцены, што ўзвышаюцца над гарадскім паркам, памятаюць і пах попелу пажараў, і шэпт малітваў у часы пераследу, і звонкі смех дзяцей на велікодных службах, і горкія слёзы падчас цяжкіх гадоў, калі над Беларуссю навісала цемра, і святло твараў вернікаў, калі з новым зіхаценнем над горадам заззяла святло хрысціянскай веры.

Да 13 гадзіны да касцёла цягнуўся струмень людзей. Старэнькія жанчыны ў хустках, сем’і з дзецьмі, яскравая моладзь і прыбыўшыя на Імшу святары – усе зліваліся ў адзін жывы паток. Хтосьці нёс кветкі, хтосьці проста ўсмешку і надзею ў вачах.

Над горадам ўжо чулася мелодыя з нядаўна ўстаноўленых электронных званоў. Моцная, велічная, быццам сэрца самой святыні, што білася ў такт радасці людзей.

Ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі, які служыць у Лепелі ўжо больш за дзесяць гадоў, вітаў прыходзячых з цёплай усмешкай. Ён ведаў амаль усіх па імёнах, для яго гэта былі не проста парафіяне – гэта сям’я.

Калі пачалася Імша, памяшканне напоўнілася гукамі электрааргана. Ён граў не проста музыку – ён расказваў гісторыю пра пачатак распаўсюджвання каталіцкай веры на Лепельшчыне ў першай палове 17 стагоддзя. Пра драўляныя касцёлы, што не адзін раз знішчаліся ў полымі пажараў. Пра войны і навалы, што не раз чорнымі зданькамі праляталі па Лепельскай зямлі.  Пра будаўнікоў святыні, што 150 гадоў таму ўзводзілі яе ў самым цэнтры тагачаснага Лепеля.

Пра гісторыю і сучаснасць касцёла расказаў на пачатку святочнай Імшы мясцовы краязнаўца, парафіянін. Ён і сам прыйшоў на свята з трымя маленькімі дачушкамі.

На ўрачысты юбілей прыбыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яго спакойны позірк і малітоўная пастава яшчэ больш напоўнілі касцёл урачыстасцю і пашанай. У сваім казанні біскуп прамовіў:

— Вернік падчас посту шукае сабе нейкіх пастаноў і пакут. Але ці трэба гэта? Можна проста пачаць жыць паводле дзесяці запаведзяў. Адразу ўсё стане на сваё месца, і гэта будзе сведчанне. Кожны крок веруючага чалавека – гэта крок да Бога, які не дазваляе нават упасці воласу з галавы справядлівага чалавека. Таму няхай наша сённяшняе святкаванне за гэты дом Божы, удзячнасць за касцёл, умацуюць нас у веры і зробяць з нас сведкаў Езуса Хрыста і прывядуць нас да нябеснай Айчыны.

Голас яго гучаў мякка, але ўпэўнена – так, што нават самым неспакойным душам хацелася замерці. Людзі схілялі галовы, слёзы радасці і памяці зіхацелі ў вачах. Час, здавалася, спыніўся, і ўсё навокал растварылася ў вечным святле свечак.

Адным з самых сімвалічных момантаў урачыстасці стала асвячэнне біскупам Алегам копіi гравюры «Вяртанне блуднага сына». Цеплыя словы вiншаванняў парафіянам выказала намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Вераніка Хомбак.

Хтосьці ўнутры будынка храма з уважлівай зацікаўленасцю разглядаў стэнды з чорна-белымі фотаздымкамі. На ўсіх – параўнанне сучаснай выявы святыні і касцёла ў пасляваенныя гады: без крыжа, з дупламі ў сценах, з вялікімі разбурэннямі. Але нават тады ён стаяў – упарта, як народ, які не губляе надзею.

Пасля Імшы на вуліцы ўжо стаяў сапраўдны сонечны дзень. Ля касцёла ўтвараліся групы людзей – вітаюць адзін аднаго, абменьваюцца ўспамінамі. Старыя ўспамінаюць часы, калі храм быў паўразбураны ў савецкія часы, выкарыстоўваўся то пад электрастанцыю, то пад гараж, то пад розныя сховішчы. Але яны ўсё роўна прыходзілі маліцца да сцен касцёла. Моладзь слухала ўважліва, у вачах – сапраўдная павага.

Былы пробашч лепельскага касцёла, а цяпер дырэктар Нацыянальнага «Карытас» ксёндз Андрэй Аніскевіч таксама прыехаў на свята. Ён развітваўся з кожным персанальна і жадаў коратка, але ёмка: «З Богам!» І гэта пажаданне самае лепшае, аб чым толькі можа думаць любы чалавек: быць па жыцці з Богам…

Увечары сцены касцёла зазіхацяць ружаватым ззяннем ад промняў знікаючага сонейка. У гэтым святле ён зноў уявіцца бы не з каменю, а з чыстага спакою і веры. Становіцца зразумелым: святыня – гэта не толькі будынак. Гэта жывое сэрца горада, якое стукае ў такт жыцця кожнага верніка. І пакуль мы будзем прыходзіць сюды з малітвай, святло святога Казіміра не згасне ніколі!

Алег Шушкевіч

для друку для друку