Мерапрыемства распачалося 24 мая і будзе працягвацца да 26 мая.
Яно прымеркавана да 25-гадовага юбілею Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама да Года Божай міласэрнасці.
Пачаўся кангрэс у Гродзенскай духоўнай семінарыі са спеву гімна “Магутны Божа” ў зале Яна Паўла ІІ. Дарэчы, зала была поўная. Акрамя святароў і гасцей з Беларусі, на ўрачыстасць прыехалі духоўныя асобы з суседніх Польшчы і Літвы.
Адкрыў мерапрыемства біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. Ён прывітаў удзельнікаў кангрэсу, адзначыў важнасць гэтага мерапрыемства для Гродзенскай дыяцэзіі.
Дапаможны біскуп гэтай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі прадставіў першага дакладчыка – біскупа з Беластоку Генрыха Цярэшку. Біскуп Генрых прачытаў даклад на тэму : “Эўхарыстыя ў жыцці і святарскім служэнні блаславёнага Міхала Сапоцькі”.
Гэты бласлаўлёны вядомы паўсюдна як спавяднік святой Фаўстыны Кавальскай і як Апостал Божай Міласэрнасці. Яго таксама можна лічыць земляком, бо паходзіў ён з Ашмяншчыны.
Пасля галоўны рэдактар часопіса Ave Maria Крыстына Лялько прэзентавала свой пераклад “Дзённіка святой Фаўстыны Кавальскай” на беларускую мову. Па яе словах, яна вельмі хвалявалася падчас сваёй працы, але дзякуючы нябеснай падтрымцы гэтай святой, пераклад быў завершаны, і кніга пабачыла свет на беларускай мове.
Закончыўся першы дзень кангрэсу Імшой у катэдральным касцёле, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
