У Гомелі развітваюцца з біскупам Казімірам Велікасельцам

Урачыстая святая Імша ў першы дзень развітання з біскупам Казімірам адбылася ўвечары 10 лютага. Духавенства Гомельскай вобласці, разам з католікамі Гомеля і прадстаўнікамі з парафій Гомельскай вобласці сабраліся разам на супольную малітву. Прыбыў таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

На пачатку святой Імшы пробашч парафіі кс. Аляксандр Канановіч прамовіў уступнае слова, у якім між іншым адзначыў: “Наш біскуп Казімір быў светачам у Гомельскай вобласці, які цяплом сваёй малітвы саграваў сэрцы святароў і вернікаў Гомельшчыны. Яго мудрасць, мужнасць, духоўнасць, адданасць і вернасць Богу былі каштоўнымі дарамі для Пінскай дыяцэзіі і ўсёй нашай краіны”.

Падчас святой Імшы гамілію прамовіў біскуп Юрый, які прадставіў розныя гады жыцця біскупа Казіміра, узгадаў яго розныя адметнасці, якія варты наследавання. Між іншым іерарх успомніў пра размовы і сустрэчы, разважлівасць і пабожнасць; сумесныя падарожжы, якія былі насычаны малітвай; ды пра моцны запал у выкананні сваіх абавязкаў. Біскуп Юрый абапіраючыся на тэксты Святога Пісання ўзмацніў у сэрцах прысутных веру ва ўваскрашэнне і жыццё вечнае.

На заканчэнне святой Імшы ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка выказаў словы ўдзячнасці мясцовым уладам, за дапамогу ў арганізацыі развітання са спачылым біскупам Казімірам. Затым іерарх з Пінска падзяліўся сваімі ўспамінамі пра біскупа Казіміра, сягаючы да 1978 года, калі ўпершыню пазнаёміліся.

Пастыр Пінскай дыяцэзіі ў цёплых словах шчыра дзякаваў біскупу Казіміру за яго адданае служэнне, за аднаўленне шматлікіх парафій і касцёлаў у Пінскай дыяцэзіі. На заканчэнне біскуп Антоній звярнуўся з малітвай да Бога, аб Яго міласэрнасці для біскупа Казіміра і радасці жыцця вечнага для яго ў Нябесным Валадарстве.

Пасля працягнулася чуванне пры труне. Вернікі па-чалавечы сумавалі, былі бачныя шматлікія слёзы ў вачах прысутных. Падыходзячы да труны вернікі станавіліся на калені, цалавалі стулу і з верай у сэрцы маліліся за яго аб вечным супакоі сярод святых і збаўленых у Доме Нябеснага Айца.

Развітацца з памерлым біскупам Казімірам прыбыў таксама праваслаўны арцыбіскуп Гомельскі і Жлобінскі Стэфан.

Кс. Аляксандр Канановіч, kasciolhomiel.by

для друку для друку