У Дзісне з удзелам біскупа Алега Буткевіча адзначылі юбілей святыні

17 верасня ў Дзісне прайшлі ўрачыстасці з нагоды 250-годдзя будаўніцтва святыні. Ганаровым госцем свята стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў святую Імшу.

Святкаванне юбілею распачалося з гістарычнага экскурсу, які ажыццявіла старшыня парафіяльнай рады Ірына Маслёнак.

Парафія ў Дзісне ўзнікла ў 1583 годзе, калі польскі кароль Стэфан Баторый, пасля паспяховага ваеннага паходу на Полацк, аддаў гэтую тэрыторыю езуітам. У 1630г. мясцовы землеўладальнік Кшыштаф Малькевіч-Хялкоўскі запрасіў у Дзісну айцоў-францішканаў. Ён перадаў ім маёнтак Клімаўшчына, што знаходзіўся за Дзвіной, і пабудаваў для манахаў кляштар з касцёлам і званіцай. Гэта былі драўляныя будынкі, якія стаялі непасрэдна ля берага Дзвіны.

У 1773г. францішкане распачалі будову новага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта быў мураваны будынак са сценамі паўтараметровай таўшчыні, памерамі 35 на 16 метраў. Касцёл меў адзін галоўны і чатыры бакавыя алтары.

За 250 гадоў святыня перажыла часы росквіту і заняпаду. Падчас Другой сусветнай вайны касцёл быў сур’ёзна пашкоджаны, аднак святыня выстаяла. У 1958-ым годзе ўладамі была зроблена спроба зусім знішчыць будынак касцёла. Аднак моцны зарад разбурыў толькі галоўны фасад. Доўгі час святыня знаходзілася ў занядбаным стане.

У 2003г. была адрэстаўравана сакрыстыя, што прылягала да паўднёвай сцяны. Такім чынам утварылася капліца. Яна і дагэтуль з’яўляецца месцам малітвы.

А 14-ай гадзіне распачалася ўрачыстая святая Імша, якую ўпрыгожылі сваімі спевамі вернікі з Наваполацка. У Літургіі бралі ўдзел святары, якія ў розны час працавалі ў Дзісне і займаліся аднаўленнем святыні: кс.Андрэй Кулік, дэкан Мёрскага дэканату, кс.Вячаслаў Адамовіч з Ідолта, кс.Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска і кс.Іван Кароткін з Лужкоў.

У сваёй гаміліі, разважаючы над гісторыяй святыні, біскуп Алег Буткевіч заахвоціў задумацца над тым, для чаго чалавеку патрэбна вера? Разглядаючы розныя яе аспекты, Яго Эксцэленцыя падкрэсліў, што найважнейшая роля веры і касцёла заключаецца ва ўдзяленні святых сакрамантаў, якія магчымыя дзякуючы збаўчай місіі Хрыста. Вера і касцёл для нашых продкаў былі вельмі важнай справай. Адсюль будавалася наша традыцыя, у якой мы ўзрасталі. Сёння варта захоўваць памяць пра нашы карані, каб яна давала плён. Каб мы разумелі, што вера — гэта фундамент жыцця чалавека, без якога няма будучыні.

Пасля Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Чайкоўскі падкрэсліў, што мы павінны быць удзячнымі тым людзям, якія баранілі і захавалі для нас духоўную і матэрыяльную спадчыну. Мы павінны прасіць Пана Бога, каб даў нам сілы быць годнымі нашчадкамі тых людзей, бо мы сёння працягваем пісаць гісторыю гэтага месца.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі