У Беларусі завяршыўся Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян

Па традыцыі на супольнае набажэнства ў мінскай архікатэдры сабраліся прадстаўнікі каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанскіх цэркваў. Сэнс гэтай ініцыятывы зразумелы: нягледзячы на адрозненні імкнуцца да таго адзінства, якое завяшчаў Езус Хрыстус, нагадаў прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы, пратаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

“Такія сустрэчы нам нагадваюць аб тым, каб мы не фармальна казалі словы малітвы, бо яны, словы аб адзінстве хрысціянаў прамаўляюцца кожны дзень, на кожным набажэнстве, каб мы не чарсцвелі, а памяталі іх глыбокі сэнс і імкнуліся да будавання гэтых любові і адзінства”, — адзначыў святар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

У гэтым годзе матэрыялы для сусветнага тыдня рыхтывалі вернікі Германіі, якія ў якасці тэмы абралі ўрывак з Паслання апостала Паўла да Карынцянаў і радок “Любоў Хрыста ахапіла нас”, а ў якасці сімвалу – Бярлінскую сцяну, якая калісьці размежавала адзіную дзяржаву і народ. Сваеасаблівую сцяну, толькі з грахоў, пабудавалі напачатку набажэнства ў Мінску, каб потым яе разбурыць. Грэх здольны пераадолець кожны вернік па-асобку, але ёсць выклікі, якія па сілах толькі хрысціянам ўсіх канфесій разам. У Беларусі – гэта і новыя задачы, якія можна і трэба вырашаць сумесна, падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

“Сёння новым выклікам для ўсёй Еўропы з’яўляюцца бежанцы, мігранты. Як пішуць беларускія СМІ, у нашай краіне таксама будуць прымаць іх у спецыяльных месцах. Таксама трэба абмяркоўваць, як іх прыняць, як аб іх клапаціцца, калі сярод іх ёсць хрысціяне, мы павінны арганізаваць пастырскую дапамогу. Для гэтага такія сутрэчы існуюць, каб абмеркаваць розныя пытанні і каб людзі бачылі, што мы аб’яднаны Евангеллем”, — сказаў каталіцкі іерарх.

Увогуле першая малітва аб еднасці хрысціянаў прайшла больш за сто гадоў таму, а ў свеце арганізавана іх праводзяць з 1968 года, гэта значыць у наступным годзе – будзе ў 50 раз. Сведкам малітвы аб еднасці хрысціян у Мінску першы раз стаў і Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, які таксама прыняў удзел у набажэнстве.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі