Па словах нямецкага гісторыка Касцёла Хуберта Вольфа, вывучэнне лістоў, накіраваных у Ватыкан ад яўрэяў, пераследаваных у часы нацызму, з просьбай аб дапамозе, можа заняць дзесяцігоддзі.
У інтэрв’ю газетам нямецкай выдавецкай групы Bistumspresse ў Оснабруку Вольф сказаў, што пасля чатырох гадоў працы ён і яго каманда мяркуюць, што існуе амаль 10 тысяч такіх петыцый. «Мы ніколі не чакалі гэтага», — прызнаўся ён.
У цяперашні час даследчыкі працуюць над калекцыямі ватыканскіх архіваў, якія тычаццаПапы Пія XII падчас яго пантыфікату ў 1939-1958 гадах. Яны сталі даступнымі для даследчыкаў у 2020 годзе.
“У тысячах скрынак мы знайшлі незлічоныя лісты ад яўрэяў падчас Халакосту, у якіх яны моляць Папу і Ватыкан аб дапамозе. Яны паўтараюць просьбу: “Выратуй нас, Святы Айцец!”, — падзяліўся гісторык. Вельмі часта гэта былі апошнія тэксты, якія яны напісалі перад тым, як іх забілі.
“Цяпер, праз больш за 70 гадоў, мы ўпершыню трымаем у руках гэтыя часцяком эмацыянальныя лісты. Гэта накладвае на нас адказнасць, як на каманду, аднавіць лёс гэтых людзей на аснове ўсіх крыніц і вярнуць голас тым, чыю памяць нацыянал-сацыялісты хацелі сцерці», — сказаў ён.
Паводле папярэдніх звестак, існуе дзве групы спраў. “Тыя, дзе Ватыкан мог дапамагчы сам, калі мог, і тыя, дзе ён залежаў ад дапамогі трэціх асоб”, — падзяліўся мюнстэрскі гісторык Касцёла. Да першай катэгорыі адносілася фінансавая дапамога, арганізацыя пражывання і сховішча, атрыманне інфармацыі аб зніклых без вестак сваяках. Калі гаворка ішла аб выдачы віз, відаў на жыхарства або вызваленні з канцлагера, Святы Пасад мог выступаць толькі ў якасці заяўніка перад дзяржаўнымі ўладамі.
Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што “лісты з просьбамі ад яўрэйскага насельніцтва паступалі ў Ватыкан у перыяд з 1939 па 1945 гады пастаянна. Гэта азначае, што яўрэйская супольнасць, відавочна, не лічыла, што іх лісты да Папы марныя», — заўважыў нямецкі даследчык.
Аднак рабіць якія-небудзь далейшыя навукова абгрунтаваныя заявы пакуль рана з прычыны велізарнай колькасці матэрыялу. “Надзейныя адказы будуць магчымыя толькі тады, калі ўсе лісты-петыцыі і іх апрацоўка ў Ватыкане будуць уключаны і пазначаны ў нашай базе дадзеных”, — паінфармаваў Хуберт Вольф.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку