Трыумф веры. У Росіцы адбыліся ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў

У апошнія дні ліпеня сэрцы вернікаў напаўняе асаблівае пакліканне: пакліканне пераадолець цяжкасці, пакліканне пакінуць дома ўсе свае справы, пакліканне выправіцца ў шлях і прыбыць у Росіцу. Тут  28 і 29 ліпеня адбыліся ўрачыстасці ў гонар блаславёных Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.

80 год таму айцы марыяне прынялі пакутніцкую смерць разам з даручанай Хрыстом паствай. Больш за паўтары тысячы людзей згарэлі ў агні.

Той, хто аднойчы быў у Росіцы, вяртаецца туды зноў і зноў. Чаму? Хіба таму, што сярод віхураў сучаснай штодзённасці, узіраючыся ў абраз з выявай блаславёных, схіляючы калені ў велічным храме, разважаючы над подзвігам мучанікаў, кожны адчувае – дабро пераможа зло, а крыж Хрыста абавязкова прывядзе да Збаўлення.

У сераду, 26 ліпеня, з Друі вырушыла пешая пілігрымка. Сімвалічна, што калісьці менавіта з Друі ў Росіцу распачалі свой шлях і айцы марыяне Юры і Антоній. Больш за 80 пілігрымаў крочылі тры дні, разважаючы над тым, як застацца вернымі Хрысту ў сваім штодзённым жыцці, як застацца верным Езусу, калі прыходзяць выпрабаванні, дзе ёсць Бог, калі ў сэрцы палае агонь болю, крыўды, непаразумення. Быць верным – адзіны адказ на гэтыя пытанні. Быць верным Богу, які заўсёды побач.

За тры дні шляху пілігрымы сталі адной сапраўднай сям’ёй, дзе пануе братэрская любоў, павага, узаемапаразуменне і адкрытыя палаючыя сэрцы.

Урачыстасці ў Росіцы распачаліся Імшой для пілігрымаў, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Падчас гаміліі айцец Ілля Саўчанка МІС, кіраўнік пешай пілігрымкі, пажадаў кожнаму быць сведкам веры на ўзор блаславёных мучанікаў, а вярнуўшыся ў штодзённасць — захаваць і павялічыць плёны пілігрымкі.

Малітоўную праграму працягнуў Акафіст да росіцкіх мучанікаў, які пад кіраўніцтвам апостальскага адміністратара архімандрыта Сяргея Гаека маліліся вернікі ўсходняга  абраду.

Пасля акафісту сёстры эўхарысткі правялі ружанец і прэзентацыю пра гісторыю і дзейнасць супольнасці. Падставай для разважанняў над таямніцамі сталі словы бласлаўленага Юрыя Матулевіча – заснавальніка кангрэгацыі.

Гэтыя ўрачыстасці асаблівыя і для сясцёр, бо ў 2023 годзе яны адзначаюць 100-годдзе з часу заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі.

Пасля ружанцовай малітвы адбылася малітва праслаўлення і канферэнцыя, якую прамовіў айцец Аляксандр Жарнасек МІС.

Апоўначы вернікі сабраліся на святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Юры Касабуцкі.

Падчас гаміліі іерарх разважаў над падзеямі апошніх дзён жыцця, якія перажывалі людзі тут, у Росіцкім храме падчас трагедыі.

“Мы не ведаем да канца што адбывалася ў людскіх душах, але не можам не ацаніць подзвіг святароў, якія таксама аказаўшыся ў складанай сітуацыі, засталіся верныя Хрысту і даручаным праз Яго авечкам. Можна з упэўненасцю сказаць, што шматлікія з тых, хто аказаўся тут у дні трагедыі, перажылі сваё навяртанне”, – зазначыў біскуп.

Узяць свой крыж і ісці за Хрыстом – вось заданне для кожнага хрысціяніна. Чалавек, які вырашае наследаваць Пана, умее давяраць Яму, ідзе за Ім, атрымлівае неверагодную моц і сілу.

Пасля Імшы прысутныя накіраваліся да месца мучаніцкай смерці блаславёных пакутнікаў і тых, хто  разам з імі згарэлі ў нялюдскім агні.

Там, пасля кароткага малітоўнага набажэнства, кожны мог пакінуць зніч і укленчыць ля крыжа – крыніцы нашага Збаўлення.

Вярнуўшыся ў храм, вернікі разважалі стацыі Крыжовага шляху, якія падрыхтавала спадарыня Ірына Жарнасек.

Урачыстасці завяршыліся ранішняй Імшой а 10 гадзіне.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі