У моўную рубрыку “Каталіцкага Весніка” звярнулася наша чытачка сп-ня Крысціна з Маладзечна. Яна кажа, што закончыла ў свой час рускамоўную школу, у тэхнікуме таксама вучылася па-руску. Але гэта зусім не перашкаджае ёй не проста цікавіцца беларускай мовай, але і чытаць беларускую літаратуру, слухаць нашыя песні, гаварыць па-беларуску ў побыце, стараючыся пазбягаць памылак і імкнучыся захоўваць патрэбную культуру маўлення. Менавіта гэтыя акалічнасці і выклікалі ў сп-ні Крысціны пытанне. У прыватнасці, яна заўважае, што ў “Маладзечне ёсць крама, дзе на шыльдзе напісана “Тавары для саду і агарода”. Чаму тут розныя канчаткі ў назоўнікаў? Бо абодва яны належаць да мужчынскага роду, таму павінна было б быць альбо для сада і агарода, або для саду і агароду. Ці не так?” А яшчэ наша чытачка дадае, што акурат такую назву крамы бачыла ў Мінску. Гэта значыць, што тут няма гаворкі пра нейкую прыкрую памылку, выпадковую недакладнасць… Дык як жа павінна быць правільна па-беларуску?
Мы шчыра дзякуем сп-ні Крысціне за ўважлівае стаўленне да беларускай мовы, за неабыякавасць да пытанняў, якія, здавалася б, не такія ўжо і важныя. Але калі размова ідзе пра культуру беларускага слова, то не можа быць другарадных, не важных пытанняў. Прыгадаем таксама, што мы ўжо часткова абмяркоўвалі праблему ўжывання канчаткаў у падобных выпадках у “Каталіцкім Весніку” ад 08.10.2016. Але цяпер паспрабуем разабрацца больш дэталёва.
У родным склоне адзіночнага ліку назоўнікі мужчынскага роду маюць канчаткі –а (-я) і –у (-ю). Ужыванне канчатка ў канкрэтным слове залежыць ад яго лексічнага значэння і характару – цвёрдасці ці мяккасці – апошняга зычнага асновы. Канчаткі –а (-я) маюць назоўнікі, якія абазначаюць:
- назвы асобаў і іншых жывых істот (настаўніка, сябра, шчупака, каня);
- назвы канкрэтных прадметаў (аўтобуса, трамвая, алоўка, сшытка);
- назвы арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў (прафсаюза, завода, ліцэя, універсітэта);
- назвы відаў спорту, танцаў, гульняў (футбола, хакея, вальса, твіста);
- уласныя назвы (Мінска, Ірана, Туркменістана, Каўказа);
- адзінкі вымярэння (метра, грама, градуса, літра);
- навуковыя тэрміны і паняцці (сінуса, суфікса, дзеяслова, тангенса. Выключэнне: роду, склону).
Канчаткі –у (-ю) у родным склоне адзіночнага ліку маюць наступныя групы назоўнікаў:
- якія абазначаюць абстрактныя паняцці (густу, розуму, болю, смутку);
- якія абазначаюць рэчывы і хімічныя элементы (пяску, жвіру, цэзію, стронцыю. Але: хлеба, аўса);
- якія абазначаюць зборныя паняцці (лесу, бярэзніку, лазняку, гаю);
- якія абазначаюць з’явы прыроды (ветру, туману, марозу, агню);
- якія абазначаюць прасторавыя паняцці (шляху, стэпу, краю, лугу);
- якія абазначаюць пэўныя грамадскія фармацыі, навуковыя плыні, тэорыі, напрамкі ў літаратуры і мастацтве (капіталізму, дарвінізму, рамантызму, сентыменталізму).
Таксама канчаткі –у (-ю) уласцівыя назоўнікам, што ўваходзяць у склад устойлівых спалучэнняў кшталту даць маху, ні слыху ні дыху, са свету звесці, ні складу ні ладу і інш. А яшчэ можа змяняцца канчатак у залежнасці ад лексічнага значэння слова ў канкрэтнай сітуацыі ўжывання: было трэцяга лістапада (месяц) і прыйшла пара лістападу (з’ява); абляцела лісце з ясеня (дрэва, канкрэтны прадмет) і стол зролены з ясеню (матэрыял); не было пропуска ў інтэрнат (дакумент) і не было пропуску заняткаў (абстрактнае значэнне).
І цяпер вернемся непасрэдна да пытання нашай чытачкі. Як гэта ні дзіўна, але фармальна памылкі ў канструкцыі Тавары для саду і агарода няма:). Бо па сутнасці ўсе нашыя слоўнікі, уключаючы акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” 2012 года, падаюць слова агарод з канчаткам –а ў родным склоне. Разам з тым заўважым, што выразнай логікі ў гэтым не прасочваецца, бо згаданы назоўнік можна трактаваць як пэўнае прасторавае паняцце, а такія словы маюць канчатак –у. Да таго ж менавіта з назоўнікам сад найчасцей у сказе выступае слова агарод, а розныя канчаткі сапраўды ўносяць блытаніну. Тым не менш падкрэслім яшчэ раз, што ў прыведзеным нашай чытачкай сп-няй Крысцінай прыкладзе Тавары для саду і агарода згодна з сённяшнімі марфалагічнымі нормамі ўсё правільна.
Варта звярнуць увагу таксама на тое, што слова агарод можа выступаць у зборным значэнні, як сукупнасць усіх раслін, што там могуць расці. Тады ўжо дакладна мы будзем ужываць канчатак —у: Мая бабуля ўжо не садзіць агароду; У яе ніколі не было агароду, толькі кветнікі; А якая карысць з агароду, калі тут нічога не расце?
Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны нашым чытачам пры выбары нарматыўных канчаткаў, паспрыяе лепшаму разуменню граматычных асаблівасцяў сучаснай беларускай мовы.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
