Талент пакліканняў: творчы шлях мастачак Варановіч

Зямля Астравеччыны шчодрая на таленты. Такім яскравым прыкладам з’яўляюцца беларускія мастачкі Тэрэса Іосіфаўна Варановіч і яе дачка Вікторыя, якія жывуць у вёсцы Дайлідкі. Сёння да іх у госці завітаў “Каталіцкі Веснік”.

Тэрэса і Вікторыя Варановічы

Сям’я Варановіч жыве недалёка ад касцёла Апекі Маці Божай. Як толькі заходзіш у дом, адразу бачна, што тут ёсць мастакі: распісаныя дзверы, сцены, у інтэр’еры прысутнічае шмат уласных карцін.

У адным з пакояў вісіць вялікі прыгожы абраз Марыі, які напісала Тэрэса Іосіфаўна.

Першыя карціны з крэйды і вугельчыкаў

Жанчына ўспамінае, што малявала з самага дзяцінства: “У тры гады, калі маці адыходзіла на працу, пакідала ў швейнай машынцы крэйду, а калі не было крэйды – вугельчыкамі малявалі разам з сястрой на дзвярах. Вельмі падабаліся коні. А маці ніколі не крычала на нас і станоўча глядзела на нашую дзіцячую творчасць”.

У школе сёстры Тэрэса і Ірэна заўсёды афармлялі насценныя газеты. А ў восьмым класе пачалі прыходзіць думкі, каб стаць бухгалтарам. Аднак лёс склаўся іначай. Са Смаргоншчыны прыехаў хлопец, які вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава, і, пачуўшы, што дзяўчыны добра малююць, прапанаваў туды паступіць. “Мы ўзялі адрас, паехалі туды і паступілі абедзве”, – расказвае мастачка.

Шмат з тых, хто вучыўся разам з дзяўчатамі, толькі адпрацавалі, аднак творчасцю не займаліся. А ў Тэрэсы Іосіфаўны было жаданне, і гэта ёй падабалася. Потым яе чакалі вучоба ў Акадэміі мастацтваў, праца.

Сястра Тэрэсы Варановіч Ірэна Герасім зараз жыве ў Вільні і таксама займаецца мастацкай дзейнасцю.

Творчасць для Бога

“Калі выйшла замуж і прыехала ў Дайлідкі, пачала пісаць працы пры касцёле. Самая першая з іх – афармленне харугваў у сольскім касцёле”, – успамінае Тэрэса Іосіфаўна. Аднак сваёй самай важнай і асноўнай працай мастачка лічыць роспіс-рэстаўрацыю прэзбітэрыя святыні ў Солах.

Роспіс у касцёле ў Солах

“Канешне, працаваць было складана на такой вышыні. Дапамагаў таксама брат святара. Я ад гэтай працы атрымлівала вялікае задавальненне. І сваіх подпісаў не ставіла, бо лічу, што галоўнае – гэта Бог і малітва перад роспісам, а не ўласнае “я”, – гаворыць спадарыня Тэрэса.

Для Касцёла мастачка робіць шмат. Звычайна святары просяць яе аднавіць скульптуры, калі нешта, напрыклад, адаб’ецца. Цяпер яна піша абразы для капліцы на станцыі Ашмяны.

У Градаўшчызне быў роспіс алтара, у гудагайскім санктуарыі ёю складзены праект брамы. Вельмі блізкае сэрцу мастачкі стварэнне абразоў. У бліжэйшы час Тэрэса Іосіфаўна хоча заняцца напісаннем пейзажаў Астравеччыны, а таксама партрэтаў тых людзей, якія пакуль жывуць. “Шкада, што адышло шмат людзей, якія былі блізкія да Бога. Я памятаю адну жанчыну – Геню Бурштыновіч. Яе неабходна напісаць па памяці. Яна ўсё жыццё аддала служэнню ў Касцёле” – гаворыць мастачка.

Талент пакаленняў

Вікторыя Варановіч пераняла талент ад маці. Маляваць яна пачала таксама з дзяцінства. Мастачка дзеліцца ўспамінамі: “Памятаю канспекты бацькоў, кожны лісток быў мной размаляваны”.

Яшчэ маленькай дзяўчынкай Вікторыя ўважліва глядзела, чым займаецца маці, спрабавала штосьці капіяваць. Пасля заняткаў часта хадзіла да яе на працу. Тэрэса Іосіфаўна тады працавала мастаком у калгасным цэху, а пазней у школе. Дзяўчынка і там наведвала розныя творчыя гурткі.

Аднак пытанне пра выбар далейшага шляху ў дзяўчыны ўсё ж было: “З аднаго боку, тата ў нас па прафесіі ветэрынар, а з іншага, маці – мастак. Таму я адзін час хацела стаць урачом. Але як прыйшла пара выбіраць, усё, што было звязана з мастацтвам, перамагло. Адразу я скончыла Бабруйскі мастацкі каледж. Потым была вучоба ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка”.

Цяпер Вікторыя выкладае ў школе мастацтваў у Астраўцы. Маці з дачкой арганізоўваюць сумесныя выставы. Зараз разам займаюцца афармленнем стацый крыжовага шляху для капліцы на станцыі Ашмяны.

У Дайлідскай святыні

– Пахвалёны Езус Хрыстус, – зайшоў у дом і прывітаўся мужчына.

– На векі вечныя, – пачуўся адказ.

Гэта з Імшы вярнуўся гаспадар дома Казімір Варановіч. Ён з’яўляецца старшынёй касцельнага камітэта ў Дайлідскай парафіі. Мужчына далучыўся да нашай размовы за кубкам гарбаты.

Спадар Казімір распавёў пра гісторыю дайлідскай святыні і паказаў фотаздымкі, шмат якіх прысвечана гісторыі парафіі.

Пасля з сям’ёй Варановічаў накіраваліся ў касцёл, каб паглядзець на тое, што стварала Тэрэса Іосіфаўна. Усе абразы, што тут знаходзяцца, напісаныя ёй. “Цэнтральны абзраз Маці Божай быў у дрэнным стане, я яго рэстаўравала”, – гаворыць мастачка.

Тэрэса Іосіфаўна ля абраза Маці Божай у Дайлідках

У святыні знаходзіцца батлейка, ля якой усе разам укленчылі. У яе афармленні таксама прымала ўдзел спадарыня Тэрэса. Злева і справа – абразы, што яна малявала.

Абраз працы Тэрэсы Варановіч у Дайлідках

Выходзім з касцёла. Ужо надышоў час развітвацца і ад’язджаць з Дайлідак.

Тэрэса Іосіфаўна і Вікторыя і надалей плануюць дапамагаць Касцёлу сваёй дзейнасцю. Таму хочацца ім пажадаць плённай працы, бо справа, якую робяць мастачкі, вельмі важная: творчасцю яны славяць Бога, а людзям праз мастацтва дапамагаюць набліжацца да Яго.

Ірына Радзевіч

для друку для друку