У сакавіку, калі абуджаецца прырода і распускаюцца першыя кветкі, вялікая ўвага ўдзяляецца жанчыне, яе ролі ў жыцці грамадства. Чуючы слова “жаноцкасць”, у свядомасці ўзнікае шэраг асацыяцый: высокія абцасы, элегантная сукенка, перлы, стужкі, касметыка. Менавіта такой стандартнай і шаблоннай уяўляецца жанчына. Але жаноцкасць – гэта не заўсёды пра касметыку, адзенне і ўпрыгожанні. Быць сапраўднай, унікальнай, лагоднай і пяшчотнай можна і без усіх гэтых атрыбутаў.
Чарговай лютаўскай раніцай я выпраўляюся ў невялічкае падарожжа па сталіцы. Любуюся прыгажосцю стракатых праспектаў, яркіх шыльдаў, назіраю за тлумам людзей на цэнтральных вуліцах. Пакрысе гэтая шумнасць і стракатасць пачынае знікаць, а шырокія праспекты змяняюцца вузкімі атмасфернымі вулкамі з прысадзістымі дамамі. Падаецца, што гэта ўжо не Мінск, а невялічкі гарадок на перыферыі, які жыве спакойным і размераным жыццём. Людзі няспешна ідуць па сваіх справах, а на падворках можна заўважыць дбайных гаспадароў, што завіхаюцца ля сваіх аўтамабіляў. Вось я ўжо на месцы. Шэры высокі дом з адмысловай шыльдай “Няжданавай, 48” адразу кідаецца ў вочы. Падышоўшы да варот, націскаю на кнопку званка. Ужо праз хвіліну на парозе дома з’яўляецца ўсмешлівая сястра-дамініканка, якая гасцінна запрашае зайсці. Падымаюся па стромкіх прыступках. Зайшоўшы, знаёмімся бліжэй. Сястра Наталля прапануе зайсці ў пакой для гасцей. Атмасфера, што пануе ў доме, прываблівае. Усюды адчуваецца клапатлівая жаночая рука, стыль і творчы падыход.
Тры сястры з Кангрэгацыі сясцёр святога Дамініка жывуць у гэтым доме. Супольнымі высілкамі яны зрабілі гэтае месца такім – утульным і цёплым. Пакрысе за сталом збіраюцца ўсе тры манахіні – с. Міхаліна Маркевіч, с. Анна Анейчык і с. Наталля Бяляева. На твары кожнай – усмешка, а ў вачах – шчырасць і дабрыня. За плячыма сясцёр хаваецца свая гісторыя, напоўненая рознымі момантамі: сустрэчамі, расчараваннямі, цікавым досведам. Як кожная з іх вырашыла стаць на манаскую сцяжыну? Гэтае пытанне мяне найбольш цікавіць і турбуе. І пры першай зручнай магчымасці я яго задаю.
“Кароль прагне тваёй прыгажосці”
Гэтыя словы з 45-га псальма ў свой час сталі лёсавызначальнымі для халерычнай і дзейнай Каці Маркевіч, якая ў дзяцінстве і падумаць не магла, што калісьці стане законнай сястрой. Хоць і паходзіла яна з каталіцкай сям’і, у якой панавалі трывалыя хрысціянскія традыцыі. З дзяцінства дзяўчынку выхоўвалі ў духу каталіцкай веры, а родная парафія на Залатой Горцы была месцам для рэалізацыі ўласных здольнасцей і талентаў. У восем гадоў юная парафіянка прыступіла да першай Святой Камуніі. Вялікі ўплыў на фарміраванне хрысціянскага светапогляду аказалі сёстры-дамініканкі, якія служылі пры парафіі.
Час пакрысе ішоў, Каця расла. У юнацкім узросце дзяўчына сутыкнулася з пачуццём закаханасці. Яе абраннікам стаў інтэлігенты хлопец, які з вялікай павагай і пяшчотай да яе ставіўся. Акрамя таго, ён практыкаваў каталіцкую веру. У адносінах маладых людзей усё складвалася роўна і гладка. Аднак глыбока ў душы дзяўчына адчувала пустку. Усё часцей яна стала задаваць сабе адно і тое ж пытанне: ці не кліча мяне Бог? Не вытрымаўшы гэтага, яна падзялілася душэўнымі ваганнямі са сваім хлопцам. Тады пара закаханых вырашыла пайсці ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай. Перад пачаткам падарожжа Каця папрасіла Нябесную Маму даць пэўны знак. Аднак падчас пілігрымкі нічога выключнага не адбылося. Прыйшоўшы на месца, дзяўчына таксама не адчула нічога незвычайнага, а ваганні ў яе сэрцы заставаліся.
Раніцай наступнага дня адбылася падзея, якая цалкам змяніла жыццё маладой асобы. Перад тварам дзяўчыны паўстала дзівоснай прыгажосці карціна: промні ранішняга сонца залілі касцёл і ўсё наваколле. Такога прыгожага пейзажу яна не бачыла ніколі ў жыцці. У гэты момант кантар заспяваў псальм, словы якога кранулі сэрца і пазбавілі ўсялякіх ваганняў: “Паглядзі, дачка, паслухай і схілі сваё вуха, забудзь народ свой і дом твайго айца. Кароль прагне тваёй прыгажосці, бо Ён – твой Пан, пакланіся Яму”. Каця зразумела, што ціхі голас, які яна чула доўгі час у сваім сэрцы, не быў выпадковым.
Хлопец з разуменнем паставіўся да выбару Каці, а вось бацькі такога рашэння не падтрымалі, хоць і штодзённа маліліся аб святарскіх і манаскіх пакліканнях. І нават уваходзілі ў склад адпаведных малітоўных супольнасцяў. Бацькі не бачылі ў сваёй халерычнай дачушцы патэнцыялу, неабходнага для манахіні. Яны былі ўпэўненыя, што Каця праз месяц жыцця ў кляштары вернецца дамоў. Аднак дзяўчына не вярнулася. Ні праз месяц, ні праз год, ні праз пятнаццаць.
У кляштары маладой асобе давялося назаўсёды развітацца з многімі рэчамі. У тым ліку і з імем. У якасці апекуна манахіня выбрала Міхаіла Сапоцьку – святара, чыё жыццё непарыўным чынам было звязанае з нашай краінай. А імя Міхаліна заўсёды падабалася і прываблівала. Вечныя шлюбы сястра склала ў 2019 годзе, адказаўшы цвёрдае і канчатковае “так” на Божы заклік. На сённяшні дзень за яе плячыма некалькі парафій: Бабруйск, Баранавічы, Мінск. Пакідала яна кожную са смуткам і тугой, бо ўсім сэрцам прызвычайвалася да парафіяльнай супольнасці. На дадзены момант сястра Міхаліна мае сваё адмысловае служэнне: праводзіць катэхезы ў сталічнай парафіі святога Францішка (Новая Баравая), выкладае ў катэхетычным каледжы ў Баранавічах, ладзіць фармацыйныя сустрэчы для жанчын “Салон прыгажосці”, арганізуе актыўную евангелізацыю ў сацыяльных сетках, а таксама праводзіць катэхезу для дарослых. З усмешкай яна прыгадвае словы святога Дамініка: “Абвяшчайце Евангелле ўсюды і ўсімі спосабамі”. Гэтыя словы сталі жыццёвым крэда для ўсмешлівай і творчай сястры-дамініканкі.
“Я буду шчаслівая, калі ты будзеш шчаслівая”
Сястра Анна Анейчык, акрамя духоўнай дзейнасці, сумяшчае абавязкі эканаміста, бухгалтара, заггаса, будаўніка і дызайнера. Клопат пра дом ускладзены на яе плечы: сястра Анна з’яўляецца яго настаяцельніцай. Усяго за некалькі гадоў яна навучылася сумяшчаць цэлы шэраг несумяшчальных абавязкаў. Акрамя таго, сястра працуе сакратаром у курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Чатыры разы на тыдзень наведвае парафію ў Лошыцы, каб правесці катэхезу для дзетак. Нягледзячы на сур’ёзнасць абавязкаў, настаяцельніца добразычліва ўсміхаецца і знаходзіцца ў добрым настроі. На яе твары нельга заўважыць прыкмет незадаволенасці або стомленасці. Сёння яна можа назваць сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам.
Сястра Анна нарадзілася і вырасла ў сталіцы. Яе дзяцінства нічым не адрознівалася ад дзяцінства аднагодкаў: яна гуляла ў рухомыя гульні, бавіла час на вуліцы, чытала. Сям’я, з якой выйшла манахіня, была на некаторай адлегласці ад Бога і Касцёла. Аднак калі дзяўчынка знаходзілася ў падлеткавым узросце, мама запісала яе на катэхезу. А ў пятнаццаць гадоў Аня прыступіла да першай Святой Камуніі. З гэтага моманту ўвесь вольны час дзяўчына праводзіла з сёстрамі-дамініканкамі, дапамагала выконваць пэўныя абавязкі, слухала цікавыя гісторыі з манаскага жыцця. З цягам часу касцёл выцесніў усе астатнія захапленні. Аню цягнула да сясцёр. Цудоўная атмасфера, што панавала ў доме сясцёр, асабліва прываблівала. Усмешлівыя і добразычлівыя дамініканкі вылучаліся дабрынёй, шчырасцю і лагодай. Падавалася, што яны свецяцца любоўю знутры. Школьніца і сама не заўважыла, як стала часткай супольнасці.
У выпускным класе дзяўчына зразумела, што хоча далучыцца да кагорты сясцёр. Спачатку сваё рашэнне Аня вырашыла абмеркаваць з мамай. Матулю такая навіна не здзівіла, бо яна даўно назірала за дачкой, таму яе жыццёвы выбар адразу прыняла. “Я буду шчаслівая, калі ты будзеш шчаслівая”, – падагуліла мама. Гэтыя словы назаўжды запалі ў сэрца. Іх сястра Анна прыгадвала і на першых шлюбах у 2007 годзе, і на вечных – у 2014. Мамін наказ яна прыгадвае і сёння, выконваючы бытавыя абавязкі, працуючы з дзецьмі або проста шпацыруючы па вуліцы. У кожны такі момант сястра Анна адчувае невычэрпнае шчасце і сапраўдную Божую любоў.
Сустрэча, што змяніла жыццё
Пакліканне сястры Наталлі Бяляевай было першым жаночым дамініканскім пакліканнем з Беларусі. У далёкім 1993 годзе дзяўчына пайшла ў кляштар. Бацькі і родныя былі супраць гэтага рашэння, аднак ніякія аргументы не змаглі спыніць дзевятнаццацігадовую асобу, якая была поўнасцю ўпэўненая ў сваім кроку. З адчуваннем рашучасці яна ехала ў іншую краіну, ведаючы, што і там не застанецца адна: побач будзе Бог.
Наталля Бяляева нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ў Полацку. У той час сваёй парафіі ў родным горадзе не было. Калі Наташы споўнілася пятнаццаць гадоў, мама давяла яе да першай Святой Камуніі. Адбылося гэта ў Глыбокім. І сёння з вялікім хваляваннем дамініканка прыгадвае той дзень, перад якім не было грунтоўнай падрыхтоўкі. Не мела магчымасці дзяўчына апрануць і традыцыйную белую сукенку. Яна вельмі хвалявалася перад пачаткам святой Імшы, бо не ведала, як прымаць святую Камунію. Мама яе супакоіла і параіла глядзець на астатніх людзей і паўтараць за імі. Аднак у чарзе Наташа аказалася першай. Яна настолькі знервавалася і збянтэжылася, што гэта заўважыў нават святар. Ён абмінуў дзяўчыну, пачаўшы з іншай асобы. Наташа вельмі збянтэжылася. Ёй нават хацелася заплакаць, але яна не дазваляла сабе гэтага. Раптам святар падумае, што яна яшчэ не дастаткова дарослая і ўвогуле не ўдзеліць Камуніі. Аднак Цела і Кроў Хрыста дзяўчына ўсё ж атрымала. У той момант яна перастала бачыць і чуць усё, што адбывалася ў касцёле. Яна адчула, як Божая любоў залівае яе з ног да галавы.
У той момант школьніца зразумела, што ёсць у свеце выключная любоў, мацнейшай за якую нічога няма. Гэта любоў Бога да чалавека. Той дзень назаўсёды змяніў светапогляд маладой асобы. Ёй хацелася быць побач з Хрыстом, штодня ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, але такой магчымасці не было. Шматдзетная сям’я не магла дазволіць сабе часта ездзіць у Глыбокае. Аднак сэрцам дзяўчына была заўсёды побач з Богам. Вялікі ўплыў на хрысціянскае станаўленне Наталлі аказаў дамініканін айцец Януш. Дзякуючы яму школьніца пазнаёмілася з дамініканскай духоўнасцю, распазнала пакліканне да манаскага жыцця. За гады манаства сястра служыла ў Баранавічах, Тамбове, Бабруйску. А ў жніўні 2024 года патрапіла ў Мінск. Тры разы на тыдзень яна ездзіць у Ракаў і праводзіць катэхезы для дзяцей. Усёй душой манахіня любіць кветкі. Яны ўвасабляюць сапраўдную прыгажосць і дасканаласць. Сёстры зазначаюць, што са з’яўленнем сястры Наталлі ў супольнасці ў доме ажылі кветкі і дэкаратыўныя расліны. Здаецца, што кожная кветка і кусцік адчувае бясконцую дабрыню манахіні і адказвае на гэта багатым плёнам.
“У гэтым доме жыве любоў”, – з такімі думкамі я развітвалася з сёстрамі. Гэтая любоў адчуваецца і ва ўтульнай каплічцы, дзе манахіні моляцца, і ў кухні, дзе яны займаюцца прыгатаваннем страў, і ў пакоях. У сясцёр няма вялікіх фінансавых сродкаў, багатых гардэробаў, касметыкі, упрыгожанняў. Аднак яны па-сапраўднаму шчаслівыя, бо іх шчасце не з гэтага свету.
- Малітва — аснова кожнага дня
- Сястра Анна
- Сястра Наталля
- За настольнымі гульнямі
- Шчасце быць разам
- Сястра Міхаліна
- Сясцёр можна пазнаць па добразычлівай ўсмешцы
Марта Венславовіч, тэкст і фота
