Да літургічнай рэформы 1969 года імёны мучаніц Пэрпэтуі і Фэліцыты згадвалася ў кожнай св. Імшы. Сіла іх сведчання была такая вялікая, што св. Аўгустын у свой час сур’ёзна нагадваў святарам, каб не ставілі «Пакутаў» гэтых святых на адным узроўні з тэкстамі Евангелляў. Мучаніцтва Пэрпэтуі і Фэліцыты, з пункту гледжання гісторыі, гэта адзін са шматлікіх выпадкаў жорсткага забойства хрысціян дзікімі звярамі, прызначанае імператарам як забаўка для рымлян. Чым яшчэ адзначаецца гэты выпадак?
Адна з рысаў, характэрных менавіта для гэтай гісторыі, — гэта супастаўленне дабрыні хрысціянскай і дабрыні няверуючага свету. Пэрпэтуя была дачкой праконсула Карфагена, маладой маці, якая толькі што нарадзіла сына. Жывучы ў доме свайго бацькі-паганца, яна распавядала пра Хрыста тым, каго сустракала ў доме: свайму брату Сатура і нявольнікаў-слугам — Фэліцыце, Рэвакату, Секундулу і Сатурніну. Можна з вялікай пэўнасцю прадставіць, з якой шчырай дабрынёй дачка гаспадара размаўляла з рабамі як з роўнымі, паўнавартаснымі людзьмі, братамі. Уся гэта невялікая колькасць людзей складала адну групу катэхумэнаў — іх гісторыя з Хрыстом толькі павінна была пачацца…
Арыштаваўшы катэхумэнаў, карфагенскія ўлады спачатку трымалі іх у прыватным доме пад «хатнім арыштам», але яны замест таго, каб перадумаць, прынялі Хрост. Тады іх кінулі ў турму. Пакараць смерцю іх адразу не маглі. Паганскі свет мае свае ўласныя нормы дабрыні.
Фэліцыта была на восьмым месяцы цяжарнасці. Закон не дазваляў караць смерцю маці раней, чым народзіцца дзіця.
Таму пасля таго, як Фэліцыта нарадзіла дзяўчынку (і хтосьці з хрысціянаў забраў яе да сябе), Септымій Север прызначыў «народныя гулянні» ў гонар дня нараджэння свайго сына. Гэта было 7 сакавіка 202 або 203 года (іронія лёсу — напярэдадні цяперашняга Жаночага дня).
У іканаграфіі святых Пэрпэтую і Фэліцыту прадстаўляюць разам, Пэрпэтуя — у багатым патрыцыянскім строі, Фэліцыта — у сціплай вопратцы служанкі, без прыкрас.
Па матэрыялах credo.pro
Пераклад catholicnews.by
