Святы Айцец: неба – гэта сустрэча з Езусам

Неба – гэта не сумнае месца, як некаторыя думаюць, але сустрэча з Езусам, адзначыў Папа падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі ён звярнуўся да тэксту з Дзеяў Апосталаў (13,26-33), у якім аўтар распавядае пра выступленне св. Паўла ў сінагозе Антыёхіі. Святы Айцец спаслаўся на Божае абяцанне вечнага шчасця. Мы ідзём па жыцці ўпэўнена, давяраючы гэтаму абяцанню, сказаў ён.

Францішак нагадаў, што жыхары Ерузалема і іх лідэры не прызналі Езуса і прысудзілі Яго да смерці, але Ён уваскрос. Св. Павел, гаворачы ў сінагозе, сказаў: “Мы абвяшчаем вам Добрую Навіну, што абяцанне, дадзенае айцам нашым, Бог выканаў для нас, дзяцей іхніх, калі ўваскрасіў Езуса”. Пантыфік адзначыў, што Божы народ з гэтым абяцаньнем у сэрцы, ведаючы, што з’яўляецца абраным, вырушыў у дарогу. Ён ведаў, што Бог верны. Францішак нагадаў, што хрысціяне таксама сёння знаходзяцца на шляху. Часам яны думаюць пра нейкае абстрактнае, далёкае неба, але гаворка ідзе не пра месца, але “пра шлях да сустрэчы: канчатковай сустрэчы з Езусам. Неба – гэта сустрэча з Езусам”, — адзначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў вяртацца да гэтай думкі, што хрысціяне вандруюць па жыцці, каб сустрэцца з Езусам. І гэта сустрэча дазволіць атрымаць вечную радасць і асалоду. Пантыфік дадаў, што Пан Езус не чакае нас пасіўна; Ён запэўніў нас, што рыхтуе нам месца (Ян 14,3) і хадайнічае за нас. “Езус моліцца за мяне, за ўсіх нас. Мы павінны паўтараць гэта, каб пераканаць сябе, што Ён верны і моліцца за мяне. Прама цяпер, у гэты момант”, — заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў словы Езуса, сказаныя Пятру: “Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера” (Лк 22,32), і падкрэсліў, што тыя ж словы Езус кіруе да ўсіх.

“І кожны з нас павінен сказаць: “Езус моліцца за мяне”, працуе, рыхтуючы месца для нас. Ён верны, Ён робіць гэта таму, што абяцаў. Неба будзе сустрэчай, сустрэчай з Панам, Які пайшоў туды, каб падрыхтаваць месца, сустрэчу кожнага з нас. І гэта дае нам упэўненасць, узмацняе давер”, — сказаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што Езус з’яўляецца святаром-заступнікам да канца свету. “Няхай Пан дасць нам разуменне таго, што мы знаходзімся на шляху, маючы гэта абяцанне. Няхай Пан падорыць нам ласку паглядзець увышыню і падумаць: “Пан моліцца за мяне”, — сказаў Святы Айцец.

Ватыканскае радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі