Папа Францішак атрымаў у дар «пастарал бедных» – сімвал духоўнай улады біскупа, якім ён карыстаецца падчас набажэнстваў. Яго зрабілі з металалому, знойдзенага на сметніку, жыхары трушчоб Кібера ў сталіцы Кеніі – Найробі.
Пастарал, пасля агульнай аўдыенцыі 19 кастрычніка 2016 г., пачаў перэгрынацыю па італьянскіх парафіях.
Папа атрымаў таксама зроблены з металічных адходаў табернакулюм. Ён застанецца ў Ватыкане, а яго копіі атрымаюць усе парафіі-удзельніцы малітоўнай пілігрымкі за бедных.
Ініцыятары гэтай унікальнай перэгрынацыі хочуць такім чынам нагадаць свету пра любоў Езуса да бедных і маргіналізаваных і сімвалічна паказаць, што сёння Ён прыйшоў бы на свет не ў стайні, але, верагодна, у адной з існуючых у свеце трушчоб.
У цяперашні час у бедных раёнах па ўсім свеце жывуць 1 млрд. чалавек, з якіх адна траціна ў трушчобах Афрыкі на поўдзень ад Сахары.
Мяркуецца, што ў бліжэйшыя чатыры гады гэтая лічба павялічыцца на 0,5 млн. Толькі ў трушчобах Найробі жыве 2 млн. чалавек, што складае 55% жыхароў кенійскай сталіцы, без электрычнасці, водазабеспячэння і каналізацыі. У 2015 г., падчас пілігрымкі ў Афрыку, іх наведаў Папа Францішак.
