Папа Францішак звярнуўся з заклікам аб міры паміж Азербайджанам і Арменіяй, аб спыненні вайны ва Украіне і іншых рэгіёнах. Ён таксама заахвоціў да малітвы на ружанцы за Сінод Біскупаў і да евангелізацыі народаў.
“У гэтыя дні я сачу за драматычным становішчам перасяленцаў у Нагорным Карабаху. Зноў заклікаю да дыялогу паміж Азербайджанам і Арменіяй, выказваючы надзею на тое, што перамовы паміж бакамі пры падтрымцы міжнароднай супольнасці будуць садзейнічаць заключэнню трывалага пагаднення, якое пакладзе канец гуманітарнаму крызісу. Запэўніваю вас у малітве за ахвяр выбуху на аўтазаправачнай станцыі каля горада Сцепанакерт”, — сказаў папа Францішак 1 кастрычніка 2023 года пасля малітвы Анёл Панскі.
Пантыфік нагадаў, што кастрычнік прысвечаны ў Касцёле ружанцовай малітве і місіям. “Заахвочваю ўсіх адчуць прыгажосць малітвы на Ружанцы, разважання з Марыяй над таямніцамі Хрыста, просячы Яе заступніцтва ў патрэбах Касцёла і свету. Памолімся за мір для пакутніцкай Украіны, за ўсе зраненыя вайной землі. Памолімся за евангелізацыю народаў. Памолімся таксама за Сінод Біскупаў, які ў гэтым месяцы правядзе сваю першую асамблею, прысвечаную сінадальнасці Касцёла”, — звярнуўся Папа да сабраных перад базілікай святога Пятра вернікаў.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
