Медыкі рымскай клінікі «Джэмэлі» у суботу паведамілі аб выпісцы Папы Францішка, якая адбудзецца ў нядзелю, 23 сакавіка 2025 года. Гэтая навіна была агучана падчас прэс-канферэнцыі, якую правялі доктар Серджа Альф’еры, кіраўнік Дэпартамента медыцынскіх і хірургічных навук, і доктар Луіджы Карбонэ, намеснік дырэктара Дырэкцыі аховы здароўя і гігіены Ватыкана.
«Добрая навіна, якую, я думаю, чакае ўвесь свет, заключаецца ў тым, што Святы Айцец будзе выпісаны і вернецца ў Дом Святой Марты», — паведаміў доктар Альф’еры.
Цяжкая хвароба і небяспечныя моманты
Пантыфік быў шпіталізаваны 14 лютага 2025 года з вострай дыхальнай недастатковасцю, выкліканай полімікробнай інфекцыяй.
Медыкі адзначылі, што падчас лячэння Святы Айцец перанёс два «вельмі крытычныя» эпізоды, калі яго жыццю пагражала небяспека. Аднак дзякуючы комплекснай тэрапіі, уключаючы кіслародную падтрымку і неінвазіўную вентыляцыю лёгкіх, стан яго здароўя паступова паляпшаўся.
«Святы Айцец ніколі не быў інтубаваны і заўсёды заставаўся ў свядомасці, захоўваючы яснасць розуму і прысутнасць духу», — падкрэсліў доктар Альф’еры.
Доўгі шлях да поўнага аднаўлення
Выпіска адбудзецца ў стабільным клінічным стане, які назіраецца ўжо на працягу двух тыдняў. Медыкі рэкамендавалі Папу Францішку працягваць частковую медыкаментозную тэрапію і захоўваць рэжым рэабілітацыі на працягу як мінімум двух месяцаў.
Доктар Карбонэ адзначыў, што ў Доме Святой Марты створаны ўсе неабходныя ўмовы для далейшай рэабілітацыі Пантыфіка, уключаючы забеспячэнне кіслародам і медыцынскай дапамогай.
«Папа ўжо некалькі дзён пытаўся: калі я вярнуся дадому?»
Абодва ўрачы падкрэслілі, што рашэнне аб выпісцы было прынята імі, але Папа Францішак ужо даўно спадзяваўся на гэта. «Ён пытаўся ўжо 3-4 дні таму: калі я вярнуся дадому?» — паведаміў доктар Карбонэ. «Зразумела, што Святы Айцец мог бы вярнуцца дадому ўжо некалькі дзён таму, калі адчуў паляпшэнне, стаў лепш дыхаць і больш працаваць», — дадаў ён.
Доктар Альф’еры адзначыў, што Пантыфік быў «узорным пацыентам» і «ўмеў прыслухоўвацца да парад усіх». Медыкі, сярод якіх былі вядомыя інфекцыяністы і дыябетолагі, вырашылі, што «гэта быў правільны момант, каб не трымаць яго даўжэй у шпіталі», паколькі «далейшы прагрэс адбываецца дома». «Шпіталь, як бы дзіўна гэта ні гучала, — горшае месца для рэабілітацыі, бо там можна падхапіць больш інфекцый», — растлумачыў урач.
Часовыя цяжкасці з голасам
Адказваючы на пытанні журналістаў, медыкі таксама закранулі тэму голасу Папы, пра праблемы з якім паведамлялася раней.
«Калі ў чалавека двухбаковая пнеўманія, лёгкія пашкоджаныя, а дыхальныя мышцы таксама знаходзяцца ў цяжкім стане, растлумачыў доктар Альф’еры. — Адным з першых наступстваў з’яўляецца часовая страта голасу. Гэта падобна да таго, як калі б чалавек доўга крычаў ці размаўляў занадта гучна».
Урач дадаў, што для поўнага аднаўлення голасу спатрэбіцца пэўны час, аднак ужо зараз назіраецца значнае паляпшэнне ў параўнанні з папярэдняй сітуацыяй.
Добры настрой і планы на будучыню
Нягледзячы на цяжкасці, Папа Францішак захаваў свой характэрны добры настрой. «Зразумела, што калі ён быў вельмі хворы, было цяжка захоўваць добры настрой», — адзначыў доктар Альф’еры. «Аднойчы раніцай, калі мы, як заўсёды, прыйшлі праслухаць яго лёгкія пасля цяжкага перыяду, мы спыталі: «Святы Айцец, як вы сябе адчуваеце?». Калі ён адказаў: «Я яшчэ жывы», мы зразумелі, што ён сапраўды адчувае сябе лепш і зноў набыў добры настрой».
Што датычыцца бліжэйшых планаў, Матэа Бруні, кіраўнік Залы Друку Святога Пасада, пацвердзіў, што 23 сакавіка 2025 года, адбудзецца абвешчанае з’яўленне Папы ў акне шпіталя «Джэмэлі», пасля чаго ён адразу вернецца ў Дом Святой Марты. Дакладныя дэталі гэтага вяртання не былі агучаны.
Пакуль што няма інфармацыі пра ўдзел Папы ў абрадах Вялікага тыдня, запланаваную на 8 красавіка 2025 года сустрэчу з каралём Карлам III (пра якую паведаміў Букінгемскі палац), ці доўгачаканую паездку ў Нікею з нагоды 1700-годдзя Нікейскага сабора. Усё гэта будзе вырашацца пазней, у залежнасці ад стану здароўя Пантыфіка.
Малітвы і падтрымка з усяго свету
Навіна аб хуткай выпісцы Святога Айца выклікала шырокі рэзананс сярод журналістаў і вернікаў ва ўсім свеце, якія на працягу амаль 40 дзён з трывогай сачылі за станам здароўя Папы і маліліся за яго хуткае выздараўленне.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
фота: Facebook
