Слабасць, перажытая разам, можа стаць сілай, якая палепшыць свет, — сказаў Папа Францішак падчас візіту ў Асізі, які здзейсніў з нагоды V Сусветнага дня бедных, што будзе адзначацца ў Касцёле 14 лістапада 2021 г.
Пантыфік прыбыў на радзіму св. Францішка раніцай 12 лістапада на верталёце з Ватыкана. Спачатку ён здзейсніў візіт у жаночы францішканскі кантэмпляцыйны кляштар, а потым адправіўся да базылікі Маці Божай Анёльскай, дзе яго сустракалі прадстаўнікі мясцовых уладаў, каталіцкай супольнасці, сем’і і каля 500 беднякоў з розных краін Еўропы.
У святочнай і радаснай атмасферы Святы Айцец асабіста вітаў людзей, якія чакалі яго. Пантыфіку былі ўручаны сімвалічныя дары – плашч і посах пілігрыма, з якім ён увайшоў у храм. У першую чаргу ён памаліўся ў старажытнай капліцы Парцыюнкула, а затым выслухаў сведчанні шасці бедных з розных краін і розных веравызнанняў, у тым ліку бежанцаў з Афганістана, пра якіх паклапаціўся Каталіцкі Касцёл у Італіі.
Звяртаючыся да сабраных Папа заўважыў, што Асізі носіць на сабе “адпячатак аблічча св. Францішка”, таму гэты “горад, не такі як іншыя”: ён нагадвае пра “неспакойную маладосць” Асізскага Бедняка і “пакліканне да літаральнага наследавання Евангелля”, якое ён атрымаў у гэтым месцы ад Бога.
“Успамінаючы некаторыя моманты яго жыцця, гэтыя “кветачкі”, якія былі сабраны для таго, каб паказаць прыгажосць яго паклікання, мы адчуваем як нас прываблівае прастата яго сэрца і жыцця. Гэта прывабнасць самаго Хрыста, прывабнасць Евангелля. Гэта жыццёвыя факты, якія больш каштоўныя за пропаведзі”, — сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што св. Францішак вучыць нас “радавацца таму нямногаму, што маем, і дзяліцца гэтым з іншымі”. Парцыюнкула, у якой Асізскі Бедняк падоўгу маліўся, нагадвае, што першая маргіналізацыя, ад якой пакутуюць бедныя, з’яўляецца духоўнай. Папа падкрэсліў, што бедным патрэбны не толькі штодзённы хлеб, але таксама і тое, каб з імі размаўлялі і маліліся. Гэта дапамагае памятаць, што “Бог ніколі не пакідае нас у адзіноце, а суправаджае нас у кожны момант нашага жыцця”.
Святы Айцец нагадаў, што Парцыюнкула, дзе св. Францішак збіраўся разам са сваімі братамі і жабракамі, з якімі дзяліўся ўсім, што меў, вучыць “гасціннасці”. Гэта месца заклікае “адкрываць дзверы дома і сэрца і прымаць тых, хто стукае ў іх”. Папа падкрэсліў таксама важнасць братэрства, пераадолення страху перад іншымі людзьмі і дзялення ўсмешкай.
Папа Францішак заўважыў, што людзі патрабуюць адзін аднаго, а “слабасць, перажыватая разам, можа стаць сілай, якая палепшыць свет”. Ён заклікаў не абвінавачваць бедных у іх беднасці, а зрабіць рахунак сумлення адносна ўласных учынкаў.
На думку Францішка, настаў час даць слова бедным, бо “іх просьбы доўга заставаліся непачутымі”. “Настаў час час для таго, каб расплюшчыць вочы і ўбачыць няроўнасць, у якой жывуць многія сем’і. Прыйшоў час для таго, каб закасаць рукавы і вярнуць годнасць, ствараючы працоўныя месцы. Гэта час для таго, каб зноў абурыцца тым, што дзеці застаюцца галоднымі, змушаюцца да рабства, тонуць у водах падчас караблекрушэнняў, становяцца ахвярамі рознага роду насілля. Гэта час для таго, каб спыніць насілле над жанчынамі, паважаць іх і не адносіцца да іх як да тавару. Гэта час для таго, каб разарваць кола абыякавасці і зноў адкрыць для сябе прыгажосць сустрэчы і дыялогу. Гэта час для сустрэчы. Калі чалавецтва, калі мы не навучымся сустракаецца, мы прыйдзе да вельмі смутнага канца”, — сказаў Папа.
Пантыфік падзякаваў за шчырыя і мужныя сведчанні, якія пачуў, падкрэсліваючы, што ўбачыў у іх “знак надзеі”, і заклікаў быць“вытрывалымі” і не апускаць рукі перад абліччам цяжкасцей.
На завяршэнне звароту Папа пажадаў прысутным, каб сустрэча ў Асізі “адкрыла сэрца кожнага і дапамагла стаць больш адкрытымі адзін на аднаго; каб наша слабасць стала сілай для працягу жыццёвага шляху; каб наша беднасць ператварылася ў багацце, якім можна будзе дзяліцца з іншымі, і такім чынам палепшыць свет”.
Пасля прамовы і малітвы ён асабіста прывітаў многіх удзельнікаў сустрэчы, пасля чаго вярнуўся ў Ватыкан, у той час як бедныя адправіліся на супольны абед, арганізаваны біскупам Асізі.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку