Святы 2025 год: рэкорд наведвальнасці

Святы Пасад чакае, што мерапрыемствы, звязаныя з Святым 2025 годам, наведае на 45 працэнтаў больш людзей, чым у рэкордным 2000 годзе.

Як абвясціў адказны за арганізацыю глабальнай падзеі арцыбіскуп Рына Фізікела на прэс-канферэнцыі ў Рыме, паводле прагнозаў дзяржаўнага ўніверсітэта Roma Tre, чакаецца прыкладна на дзесяць мільёнаў больш пілігрымаў, чым 25 гадоў таму. Тады, паводле іерарха, праз Святыя дзверы ў ватыканскай базіліцы прайшлі 22,5 мільёна асоб. У надыходзячым Святым годзе чакаецца 32 мільёна пілігрымаў. Паводле прагнозу, сярод краін з найбольшай магчымай колькасцю вернікаў, якія збіраюцца ў Рым, значна наперадзе ЗША (2,5 мільёна) і Германія (амаль 1,5 мільёна).

Фізікела патлумачыў, што з такімі лічбамі мяжа паміж пілігрымамі і турыстамі сціраецца. “Мы таксама хочам ператварыць турыстаў у пілігрымаў, а пілігрымаў – у турыстаў, якія адкрыюць для сябе прыгажосць гэтага горада”, — падзяліўся ён. Аргкамітэт спадзяецца, што пераважная большасць людзей зарэгіструецца праз адмысловы мабільны дадатак і атрымае паломніцкую картку.

Каляндар на Святы 2025 год, які прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі прадставіў 27 мая 2024 года на сустрэчы з СМІ, уключае 35 асноўных падзей. Па яго словах, у цяперашні час рыхтуюцца дадатковыя мерапрыемствы, пра якія будзе абвешчана ў чэрвені. Святы год распачынаецца 24 снежня 2024 года з урачыстага адкрыцця Папам Святых дзвярэй у ватыканскай базіліцы. Пасля гэтага адчыняцца Святыя дзверы трох іншых папскіх базілік Рыма.

У наступныя месяцы Рым прыме вялікія групы вернікаў, разбітыя па тэмах, прафесіях, служэнні, грамадскім профілі. Чакаецца, што найбольшую колькасць удзельнікаў у 2025 годзе збяруць: 5-6 красавіка – Юбілей хворых, 1-4 мая – Юбілей рабочых, 30 мая — 1 чэрвеня – Юбілей сем’яў, 28 ліпеня — 3 жніўня – Юбілей моладзі, 22-23 лістапада – Юбілей хораў. Самай палітычна цікавай падзеяй можа стаць Юбілей палітыкаў. З гэтай нагоды ў Ватыкане чакаюць шматлікіх кіраўнікоў дзяржаў з усіх куткоў свету.

Акрамя цэнтральных мерапрыемстваў з сусветным удзелам, адбудзецца мноства дыяцэзіяльных пілігрымак з больш чым 4 тысяч каталіцкіх дыяцэзій па ўсім свеце. Паводле слоў арцыбіскупа Фізікелы, запланаваны таксама дзясяткі культурных падзей.

Адносна пытання аб тэрарыстычных пагрозах падчас буйных мерапрыемстваў, іерарх адзначыў, што Рым з’яўляецца бяспечным горадам, а Ватыкан добра ахоўваецца. Тым не менш, важна захоўваць пільнасць.

Кожныя 25 гадоў Каталіцкі Касцёл абвяшчае Святы год. Цэнтральнымі элементамі Юбілеяў з’яўляюцца пілігрымка ў Рым, праход праз Святыя дзверы і атрыманне адпустаў.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі