11 жніўня Каталіцкі Касцёл успамінае святую Клару – першую жанчыну, якая стала паслядоўніцай св. Францішка, а таксама заснавальніцай Ордэна кларысак.
«Я – Клара, маленькі парастак нашага святога айца Францішка…», – так яна сама сведчыла пра сябе. Старадаўні біёграф звяртае ўвагу на тое, які цёмны быў тады час: свет здаваўся прыгнечаным, і вока веры было затуманенае. «Але Бог паслаў Францішка – ззяючае сонца Асізі, а потым і Клару – «ярка палаючае святло для ўсіх жанчын»».
Клара азначае “светлая”
Святая Клара паходзіла з арыстакратычнай сям’і. Нарадзілася 16 ліпеня 1194 года ў Асізі (Італія). Маці, молячыся напярэдадні родаў у саборы Святога Руфіна перад крыжом, пачула голас, які прадказаў ёй нараджэнне дзяўчынкі: «Жанчына, не бойся, бо ты шчасліва народзіш яркі прамень, які асвяціць свет». Таму дзяўчынку назвалі Кларай, што значыць «светлая».
З дванаццаці гадоў бацькі спрабавалі выдаць Клару замуж, аднак пад рознымі падставамі ёй удавалася аж да 18-годдзя ўхіляцца ад гэтага. Жыццё будучай святой ад ранняга юнацтва было сціплым і мела набожны характар: Клара часта адмаўлялася ад ежы і пасылала яе бедным, ахвяравала грошы людзям, якія жывуць у нястачы.
Сустрэча са святым Францішкам
Улічваючы невялікія памеры Асізі, Клара, безумоўна, ведала гісторыю навяртання святога Францішка, якая ператварыла яго з багатага і распуснага хлопца ў пакорнага, апранутага ў жабрацкае адзенне маладога чалавека, што даглядаў пракажоных. Акрамя таго, першыя паслядоўнікі Францішка, Руфіна і святар Сільвестр, былі стрыечнымі Клары. Назіранні за гэтай пераменай мелі моцны ўплыў на юную дзяўчыну. Клара прыняла канчатковае рашэнне пакінуць бацькоўскі дом і рушыць услед за Хрыстом у «святой галечы». Цётка Клары, якой таксама былі даспадобы ідэалы святога Францішка, дапамагла арганізаваць таемную сустрэчу пляменніцы з Францішкам. Клара адкрылася Францішку ў жаданні цалкам прысвяціць сябе Хрысту, адкінуўшы мір і захоўваючы цноту, а той ухваліў гэты намер і абяцаў ёй сваю падтрымку і дапамогу. Але паколькі бацькі ніколі не адпусцілі б яе добраахвотна, Клара адважылася на ўцёкі.
Памерці для міру, каб нарадзіцца дзеля Хрыста
Уцёкі адбыліся ў ноч 18 сакавіка 1212 г. (гэта была Пальмавая нядзеля). Клара выйшла са свайго дому праз спецыяльныя дзверы, праз якія выносілі мерцвякоў (такія дзверы існавалі ў тыя часы ў дамах Умбрыі). Гэта быў сімвалічны жэст з яе боку: Клара памерла для міру, каб нарадзіцца дзеля Бога. Нейкім чынам Клара выбралася за гарадскую сцяну (што было нялёгкай справай, бо гарадская брама на ноч замыкалася) і накіравалася ў капліцу Парцункула па-за сценамі горада, дзе яе сустрэлі Францішак з братамі. Там яна змяніла сваю элегантную сукенку на грубае францішканскае адзенне. Затым ля алтара Францішак абрэзаў яе доўгія залацістыя валасы і пагаліў ёй танзуру, а Клара склала яму на рукі шлюбы беднасці, цноты і паслухмянасці.
Згодна з касцельным правам, выконваць падобныя дзеянні мог толькі біскуп, Францішак жа не з’яўляўся нават святаром. Таму біскуп Гвідо загадзя надзяліў Францішка паўнамоцтвамі на гэты выпадак. Такі быў шлях, на які маці і заснавальніца Бедных Кларысак уступіла 18 сакавіка 1212 года. На нейкі час святы Францішак адправіў яе ў манастыр сясцёр-бэнэдыктынак. Там яна назвалася жабрачкай, якая не мае ніякага пасагу ў дар манастыру, і была прынятая сёстрамі. Калі Клара паспяхова пераадолела супраціў сваёй сям’і, што мела намер прымусіць яе вярнуцца дадому, яе сястра Агнешка далучылася да яе таксама. Разам са сваёй сястрою Агнешкай Клара пасялілася пры касцёле святога Дам’яна непадалёк ад Асізі, побач з якім праз нейкі час заснавалі невялікі кляштар. Ён стаў першай сядзібаю Ордэна Убогіх Сясцёр-кларысак, статут якога напісаў сам святы Францішак.
Ордэн Убогіх Сясцёр-кларысак
Жыццё кларысак было ўладкавана па прыкладзе жыцця жабрачых супольнасцей францішканцаў. Хутка колькасць прысвечаных Богу паннаў павялічылася. Яны служылі ў вялікай беднасці, строгім пакаянні і поўнай адзіноце ад свету ў адпаведнасці з правілам, якое даў ім святы Францішак. Клара была абавязаная ў паслухмянстве прыняць пасаду настаяцельніцы ў 1215 годзе і выконваць гэтыя абавязкі на працягу 38 гадоў, да самай смерці. Але яе любоў да пакоры знаходзіла кампенсацыю ў выкананні самай цяжкай працы для сваіх сясцёр. Нягледзячы на вялізныя фізічныя пакуты, яна стала для іх яркім прыкладам стараннасці ў пакаянні і малітве. Пасля смерці бацькі Клары ў манастыр уступілі яе маці і малодшая сястра Беатрыса.
Распаўсюджванне ордэна кларысак было вельмі хуткім. Праз два гады пасля заснавання ордэна ў ім налічвалася толькі восем сясцёр, але ўжо на наступны год было заснавана шмат манастыроў у буйных гарадах Італіі, а праз пяць гадоў з’явіліся першыя манастыры кларысак у Іспаніі (у Бургасе і Барселоне), у 1220 г. – у Францыі (у Рэймсе) і г. д. У ордэн уступалі дочкі знакамітых дваран і князёў.
Пасля смерці Клары ордэн пачаў разрастацца яшчэ хутчэй. У канцы XVI стагоддзя, нягледзячы на страты, прычыненыя ордэну рэфармацыяй, у ім налічваецца яшчэ дзвесце манастыроў з 25.000 сясцёр, якія знаходзіліся пад вышэйшым кіраўніцтвам генерала францішканаў. Амаль столькі ж сясцёр было падпарадкавана дыяцэзіяльным біскупам.
Статут ордэна
Правілы ордэна неаднаразова падвяргаліся зменам. Першыя правілы былі складзеныя па просьбе Францішка кардыналам Уголіна каля 1219 года. У аснову паклалі прынцыпы святога Бэнэдыкта, але ім нададзены быў больш строгі характар. Праз некаторы час сам Францішак па просьбе Клары разам з кардыналам Уголіна склаў новыя правілы ў дванаццаці раздзелах па ўзоры правілаў мінарытаў. Галоўнымі патрабаваннямі былі: беднасць, строгі затвор, пастаяннае маўчанне, пасты і ўстрыманне ад мяса, забарона манастырам мець даходы і ўласнасць. 15 красавіка 1253 года гэта было зацверджана булаю Папы Інакенція IV.
Фрагменты са Статута сясцёр св. Клары
Лад жыцця св. Клары
Калі паводле боскага закліку вы зрабіліся дочкамі і слугамі Усявышняга – найвышэйшага Валадара, Айца Нябеснага, і заручыліся са Святым Духам, выбраўшы жыццё ў выкананне святога Евангелля, хачу і абяцаю ад сябе і ад братоў маіх заўсёды мець пра вас такі ж руплівы клопат, як і пра сябе, і асаблівую апеку.
Апошняя воля, напісаная св. Клары
Я, нікчэмны брат Францішак, хачу пераймаць жыццё і беднасць Усявышняга Госпада нашага Езуса Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці і ўмацавацца ў гэтым аж да самага канца. І прашу вас, спадарыні мае, і даю вам параду, каб вы заўсёды знаходзіліся ў гэтым найсвяцейшым жыцці і беднасці. І вельмі сачыце за тым, каб ні чыім вучэннем, ні радай ад яе навекі ніяк не адпалі.
Святая Клара і яе эўхарыстычная вера
Клара мела вельмі вялікі аўтарытэт у тагачасным Касцёле: па парады да яе звярталіся біскупы, кардыналы і Папы. Святая чэрпала са сваёй эўхарыстычнай веры вялікую сілу, якая рабіла яе бясстрашнай нават перад нашэсцем сарацынаў: у 1240 годзе войска сарацынаў, якія былі на службе імператара Фрыдрыха II, наблізілася да Асізі. Яны атакавалі невялікі манастыр Сан-Даміяна, каторы ляжаў за межамі горада, і ўжо ўзлезлі на яго сцены. У смяротным страху сёстры прыбеглі да маці-настаяцельніцы, што ляжала хворая ў ложку.
Святая, несучы манстранцыю з Найсвяцейшым Сакрамантам, падышла да акна манастыра. Там яна горача малілася да Госпада нябёсаў словамі псальма (Пс 73:19): «Не аддай звярам душу галубкі Тваёй, сходу ўбогіх Тваіх не забудзься назаўсёды. Таямнічы голас з нябёсаў сказаў: «Я заўсёды буду прыглядаць за табой». Адразу паніка ахапіла войска. Прамень яркага святла, які зыходзіў ад Святой Камуніі, асляпіў іх. Яны ўпалі са сцен і беглі прэч. Манастыр і горад Асізі былі выратаваныя.
Прыгожы канец зямнога жыцця
На працягу трыццаці гадоў Клара пакутавала ад сур’ёзнай хваробы і адчувала, што яе канец набліжаецца. Пасля таго, як яна атрымала апошнія сакраманты, яна і адна з яе сясцёр убачылі Валадарку паннаў, Каторая ідзе з вялікім эскортам, каб сустрэць яе, жонку Езуса Хрыста. 11 жніўня 1253 года Клара ўвайшла ў вечную радасць. Яе цела пахавалі на наступны дзень. Папа Аляксандр IV кананізаваў яе ўжо ў 1255 годзе, а ў 1958 годзе Клару абралі ў якасці сусветнай апякункі тэлебачання. Праз яе заступніцтва просяць дапамогі пры хваробах вачэй і слепаце.
Тры парады ад святой Клары
Св. Клара Асізская пайшла па слядах св. Францішка, адкрываючы беднасць як лад жыцця. Калі яна сама выбрала стопрацэнтнае жыццё паводле Евангелля, то прыцягнула да гэтага і іншых. Адной з жанчын, захопленых Кларай, была Агнешка Пражская – дачка чэшскага караля (пазней яна таксама стала святой). Захаваліся лісты, якія ёй пісала Клара. Ёсць тры цікавыя парады, што сёння могуць быць карыснымі для вучняў Езуса.
Любоў
Клара піша Агнешцы, што яна абрала для сябе «жаніха з больш шляхетнага стану, Пана Езуса Хрыста (…). Яго сіла большая, Яго высакароднасць вышэйшая, Яго позірк прыгажэйшы, Яго любоў саладзейшая і далікатнейшая».
Клара не піша, каб Агнешка абрала рэлігійнае жыццё замест прыдворнага. Яна падкрэслівае, што любоў Агнешкі да Езуса павінна быць канкрэтнай. Чытаючы ліст, ствараецца ўражанне, што за сэрца Агнешкі змагаліся двое. Прапанова аднаго была прынятая, другому адмовілі. Імператар Фрыдрых двойчы рабіў прапанову Агнешцы. Аднак яна адмовілася ад заручын і ўступіла ў манаскае жыццё.
Клара паказвае Агнешцы і нам, што любоў да Езуса павінна быць канкрэтнай, бо Ён рэальны і канкрэтны. Радасць ісці за Ім падобная да пошуку любові ўсяго жыцця. Такім чынам Бог сапраўды можа пасяліцца сярод нас – «паставіць намёт у нас». Тады на нашых вачах адбываецца Назарэт. Богаўцелаўленне перастае быць проста абстрактнай тэалагічнай праўдай, яно становіцца рэальнасцю. Клара падказвае Агнешцы: рабі сваю любоў канкрэтнай.
Убогасць
Другая парада Клары – пра беднасць: «вы ведаеце, што апрануты чалавек не можа змагацца з голым, бо лягчэй паваліць на зямлю таго, у каго ёсць за што ўхапіцца, яго лягчэй збіць з ног». Грошы, амбіцыі, сацыяльнае становішча, прэстыж, павага з боку іншых, поспех, гаджэты і раскошныя рэчы часта з’яўляюцца нашым «адзеннем».
Здаецца, што калі надыдуць цяжкія часы, гэтая вопратка абароніць нас. Грошы дазволяць нам выжыць, важныя знаёмыя дапамогуць з працай, а гаджэты пацвердзяць нашу каштоўнасць у цяжкі час. Тым часам Клара адзначае: у штодзённым жыцці мы змагаемся за дабро. Калі мы разлічваем на сябе і сваю «сацыяльную вопратку», тады праціўнік зможа лёгка схапіць нас і паваліць на зямлю.
Справа не ў тым, каб не мець зберажэнняў, сяброў і сучасных гаджэтаў. Святая Клара дае добрую параду Агнешцы, але гэтая парада актуальная і ў нашыя часы. Што б ні здарылася і што б мы ні мелі, мы голыя перад Богам. Калі мы ўсведамляем сваю бездапаможнасць і беднасць, мы можам перамагчы ў барацьбе за дабро.
Пост
Клара таксама дае парады Агнешцы наконт посту. З нагоды сваіх пастоў, якія ў кларысак даволі строгія, яна згадвае слабых і хворых сясцёр, якіх трэба адрозніваць, калі гаворка ідзе пра ежу.
Гэта таксама заахвочванне для нас паклапаціцца пра сябе, калі мы адчуваем сябе аслабленымі або калі хварэем. Клара, хоць і вельмі строга трымалася посту, піша Агнешцы: «Я прашу цябе, дарагая, мудра і разважліва ўстрымацца ад неасцярожнай і немагчымай суровай аскезы ў сваім посце, якую, як я ведаю, ты пачала ўжываць». Яна адзначае, што «наша плоць не бронза», а сілы не падобныя да каменя. «Мы крохкія», – піша Клара.
Цікавая падказка для Агнешкі – парада пра чацвер. У чацвер пост неабавязковы. Клара вылучае гэты дзень, які, акрамя нядзелі і святаў, заслугоўвае асаблівага стаўлення. У чацвер мы стаміліся ад працы і ўсяго тыдня. Мы можам убачыць, як зменіцца наша жыццё, калі зробім нешта асаблівае ў чацвер днём. Мы дамовімся на размову, паглядзім фільм, прачытаем або паслухаем кнігу і г.д.
Праз гэтыя тры парады, дадзеныя Агнешцы з Прагі, Клара паказвае, як прымяняць евангельскія парады чыстасці, беднасці і паслухмянасці ў штодзённым свецкім жыцці. Бо цнатлівасць – гэта любоў, убогасць – свабода, а ў паслухмянасці – умеранасць і разважлівасць.
Падрыхтавала Вікторыя Арфеева
