11–13 лютага адбудуцца рэкалекцыіі для сужонкаў ад руху «Сужэнскія Сустрэчы». Яны пройдуць у Навагрудку, у рэкалекцыйным доме пры касцёле святога Міхала Арханёла, паведамляе Catholic.by.
Арганізатары запрашаюць да ўдзелу перадусім сем’і з Мінска, Гродна і Гродзенскай вобласці, а таксама з усёй Беларусі.
Рэкалекцыі праходзяць па ўнікальнай аўтарскай праграмме ўжо 18 гадоў у Беларусі і больш за 40 гадоў у свеце.
Рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч»:
- дазваляюць мужу і жонцы сустрэцца як асобам, кожная з якіх мае свае пачуцці, патрэбы, спосаб рэагавання на тыя ці іншыя сітуацыі і г.д.,
- дакрануцца да глыбіні сваіх адносін;
- паглядзець з іншага, нечаканага боку на свае адносіны і пачуцці;
- папрактыкавацца ў дыялогу па пэўных правілах;
- нарэшце, атрымаць плод для свайго сужэнства: аднавіць свае пачуцці і цеплыню ў адносінах, паглыбіць давер і ўзаемаразуменне, зрабіць канкрэтныя крокі па выхаду з крызісу сужэнскага жыцця, закласці моцны падмурак для здаровых адносін.
Важна ведаць, што гэтыя рэкалекцыі кожная сужэнская пара перажывае індывідуальна, толькі ў дыялогу паміж мужам і жонкай. Усё, што мужу і жонцы ўдасца перажыць і атрымаць падчас рэкалекцый, застанецца пэўнай таямніцай толькі іх сужэнства.
Духоўныя асобы перажываюць рэкалекцыі па сваёй праграмме ў дыялогу з Богам.
Тыя, хто ўжо ўдзельнічаў у рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», пераканаліся, што кожны высілак для умацавання сужэнскай сувязі, для сапраўднага клопату аб адносінах, для паглыблення ўзаемаразумення, шчырасці і цеплыні дае неверагодныя плады ў сем’ях.
Удзельнікі руху зазначаюць:
«Нашыя сем’і нарадзіліся для таго, каб быць шчаслівымі і адчуваць смак і радасць сваіх адносін.
Але гэта патрабуе ад сужонкаў пэўнага клопату пра свае адносіны на кожным этапе жыцця: і калі толькі стварылі сям’ю і вучацца сумеснай штодзённасці, і калі нараджаецца першае дзіцятка і адбываецца пэўная „рэвалюцыя“ ў адносінах, а таксама калі яшчэ і яшчэ нараджаюцца дзеці і часу адзін для аднаго амаль што не застаецца, а потым дзеці падрастаюць і ствараюць свае сем’і, і зноў настае новы этап, калі патрэбна аднаўляць эмацыйную сувязь…
Але як гэта рабіць? Як на працягу жыцця працаваць над сваімі адносінамі, паглыбляць іх, „рамантаваць“, а бывае, і ўваскрашаць у канкрэтных сітуацыях? У якім кірункку рухацца?
„Сужэнскія сустрэчы“ прапануюць вельмі канкрэтны інструмент — дыялог, які пасля рэкалекцый удзельнікі змогуць самастойна выкарыстоўваць у сваёй штодзённасці, каб будаваць не толькі адносіны паміж сабою, але і з дзецьмі, роднымі, калегамі па працы і іншымі людзьмі»,— падкрэсліваюць арганізатары.
Рэкалекцыі распачынаюцца ў пятніцу 11 лютага ў 18.00, заканчваюцца ў нядзелю 13 лютага каля 15.00.
У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.
Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.
Падчас рэкалекцый будуць прынятыя ўсе неабходныя меры бяспекі: колькасць уздельнікаў абмежавана магчымасцю захавання дыстанцыі, дзейнічае масачны рэжым, выкарыстоўваюцца сродкі дэзінфекцыі і г.д.
Адрас: г. Навагрудак, вул.Савецкая 2, новы рэкалекцыйны дом пры касцёле святога Міхала Арханёла.
Запіс і дадтковая інфармацыя па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44
для друку