У Папы назіраецца крытычны стан здароўя з праявамі астматычнага крызу і анеміі. Патрабуецца кіслародная тэрапія і пераліванне крыві. Прагноз застаецца няпэўным.
Згодна з апошняй інфармацыяй Залы Друку Святога Пасада ад 22 лютага 2025 года, стан здароўя Святога Айца працягвае заставацца крытычным.
Раніцай у Пантыфіка назіраўся працяглы астматычны крыз, які запатрабаваў прымянення кіслароднай тэрапіі з высокім узроўнем падачы.
Медыцынскія аналізы выявілі ў Папы трамбацытапенію, якая суправаджаецца анеміяй, што выклікала неабходнасць правядзення пералівання крыві. Нягледзячы на пагаршэнне самаадчування ў параўнанні з папярэднім днём, ён захоўвае прытомнасць і правёў дзень у крэсле.
Паводле інфармацыі Залы Друку, медыцынскі персанал шпіталя Джэмэлі працягвае пільна сачыць за станам здароўя Папы Францішка.
Сітуацыя застаецца сур’ёзнай, і Святы Айцец па-ранейшаму знаходзіцца ў зоне рызыкі.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
