Сёння папскі Ружанец за мір ва Украіне і ва ўсім свеце

Папа Францішак хоча даць малітоўны знак надзеі свету, які пакутуе ад вайны ва Украіне, і глыбока паранены насіллем у выніку актуальных войнаў і канфліктаў.

31 мая 2022 года ў 18.00 Папа памоліцца на Ружанцы перад статуяй Марыі Каралевы Міру ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме.

Вобраз Багародзіцы знаходзіцца ў левым нэфе папскага храму. Ён быў выкананы ў 1918 годзе па просьбе Бэнэдыкта XV скульптарам Гвіда Галі, у той час намеснікам дырэктара Ватыканскіх музеяў, каб прасіць Маці Божую спыніць Першую сусветную вайну. Марыя трымае Дзіцятка Езуса, гатовае падаць аліўкавую галінку – сімвал міру, яе левая рука паднята ў знак перасцярогі перад вайной. У аснове статуі высечаны кветкі, якія сімвалізуюць росквіт жыцця і вяртанне міру.

Па традыцыі вернікі пакідаюць ля ног Маці Божай невялікія рукапісныя паштоўкі з малітоўнымі інтэнцыямі. Папа Францішак ускладзе да падножжа статуі вянок з кветак, памоліцца і пакіне сваю асаблівую інтэнцыю.

У папскай малітве ўдзельнічаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прынялі Першую святую Камунію і канфірмацыю на працягу апошніх тыдняў, скаўты, сем’і ўкраінскай супольнасці, якія жывуць у Рыме, прадстаўнікі моладзі, члены корпуса Ватыканскай жандармерыі і Папскай швейцарскай гвардыі, прадстаўнікі трох рымскіх парафій, апякункай якіх з’яўляецца Марыя Каралева Міру, а таксама супрацоўнікі Рымскай курыі.

Чарговыя дзясяткі Ружанца памоляцца ўкраінская сям’я, людзі, звязаныя з ахвярамі вайны, і ваенныя капеланы.

Яшчэ адным важным знакам з’яўляецца ўдзел у набажэнстве санктуарыяў з усяго свету, таксама і тых, што знаходзяцца ў краінах, дзе працягваюцца войны, або існуе палітычная нестабільнасць. Яны далучацца да малітвы праз тэлемост. Гаворка ідзе, між іншым, пра санктуарый Маці Божай ва ўкраінскай Зарваніцы; катэдру Сальдат аль-Наджат – Маці Божай Збаўлення ў Іраку; катэдру Маці Божай Міру ў Сірыі; катэдру Марыі Каралевы Аравійскай у Бахрэйне. Да іх далучацца іншыя міжнародныя санктуарыі.

Папская рада па новай евангелізацыі запрасіла ўсіх вернікаў з усіх куткоў свету падтрымаць Папу ў яго малітве да Каралевы міру.

Ружанец будзе трансліравацца ў прамым эфіры на афіцыйных каналах Святога Пасаду, а таксама ў каталіцкіх СМІ.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі