4 мая па асабістаму запрашэнню біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ўдзельнікі малітоўнага руху «Маргарыткі» з Шаркаўшчынскай парафіі наведалі Віцебск.
Вядома, што ў снежні мінулага году катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага расчыніў сімвалічныя Брамы Міласэрнасці. Праходзячы праз іх, кожны вернік мае магчымасць атрымаць адпуст, калі ў стане асвячальнай ласкі прыме Святую Камунію і памоліцца ў інтэнцыі Святога Айца. Галоўнай нагодай пілігрымкі стала святая Імша ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў «Маргарытак» і ўсіх святароў, за якіх яны створаны.
Варта нагадаць, што з верасня 2014 года – у Шаркаўшчынскай парафіі ўтварылася 11 «Маргарытак», у інтэнцыі 6 святароў. У тым ліку і за пастыра Віцебскай дыяцэзіі. Сёлета ў кожнай парафіі, дзе служаць святары, за якіх моляцца «Маргарыткі» адбылася святая Імша ў іх інтэнцыі. Нарэшце чарга дайшла і да Віцебскай катэдры.
Святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Алег, адбылася толькі для пілігрымаў з Шаркаўшчыны. Гамілія закранула тэму важнасці малітоўнай падтрымкі святароў і ў чарговы раз стала доказам таго, як біскуп высока цэніць і наколькі ўдзячны ўсім, хто за яго моліцца. Ардынарый звярнуў увагу на тое, што заўсёды, дзе вядзецца Божая справа ўзнікаюць цяжкасці, перашкоды, якія становяцца выпрабаваннем і праверкай.
Іерарх прыгадаў урывак з Евангелля, у якім Уваскрослы Езус пытаецца тройчы ў Пятра: «Ці любіш ты мяне?». Многія з прысутных атрымалі адказ на хвалюючыя іх пытанні.
Напрыканцы святой Імшы прадстаўнікі пілігрымкі, самы старэйшы ўдзельнік якой, спадар Часлаў Рачыцкі, які праз усё жыццё пранёс і захаваў веру і пяцігадовая Тэрэзка Клімза, аддзячылі Ардынарыю за супольную малітву і за запрашэнне.
Праявай гасціннасці стала запрашэнне ўсіх пілігрымаў на гарбату да біскупа. Які ж шчыры, ветлівы наш пастыр змаглі неаднойчы пераканацца дыяцэзіяне. Наперадзе ўсіх чакаў экскурс па святынях Віцебска, праводзіў яго наш біскуп Алег.
Наведалі разам касцёл Святога Духа, які ўразіў незвычайнай Крыжовай дарогай і роспісамі алтарнай часткі ў візантыйскім стылі. Пасля наведалі парафію святога Антонія Падуанскага, у якой 10 год служыў будучы біскуп. Напэўна, дакладней расказаць пра гісторыю стварэння гэтай парафіі не змог бы ніхто, акрамя яго былога пробашча, які ведае, колькі працы тут укладзена і колькі чакае наперадзе. Беларускі мастак Аляксандр Кандрусевіч выканаў роспісы і Крыжовую дарогу ў незвычайнай тэхніцы.
Скончылася вандроўка ў касцёле святой Барбары. Гэта святыня адзіная ўстаяла ў часы бязбожнага ліхалецця. І хоць была зачынена яшчэ да другой сусветнай вайны і выкарыстоўвалася як склад, але на пачатку 90-гадоў была вернута вернікам.
Нажаль, трагічны лёс напаткаў астатнія каталіцкія храмы, якія калісьці ўпрыгожвалі Віцебск. Адбудаваць адзін з іх — касцёл святога Антонія Падуанскага, які знаходзіўся ў гістарычным цэнтры горада, гэта мара, якую біскуп Алег носіць у сваім сэрцы яшчэ з тых часоў, калі 13 мая 2000 года прыняў святарскія пасвячэнні. Ардынарый звярнуўся да пілігрымаў з просьбай маліцца ў інтэнцыі гэтай складанай справы.
Атрымаўшы Божае бласлаўленне з рук біскупа Алега, шаркаўчане вярталіся дахаты ўдзячныя Богу за такі цудоўны дзень і ўдзячныя свайму Пастыру за супольную малітву, за гасціннасць, за кожнае цёплае слова. Здаецца, кожны з прысутных пабываў у гасцях у самага роднага і дарагога чалавека, якім і зʼяўляецца наш біскуп. Неаднойчы даводзілася чуць, што наш біскуп лепшы ў свеце.
Алена Клімза, тэкст і фота
для друку