Семінарыст з Парыжа прыняў паслугу акалітату ў Віцебску

vicebsk_akalitat08У біскупскай капліцы ў Вялікі Чацвер ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч удзяліў паслугу акалітату семінарысту Алегу Зямчонку, які паходзіць з парафіі св. Юзафа Рамесніка ў Парыжы.

Падчас абраду біскуп Алег Буткевіч перадаў келіх з віном і патэну з гостыяй навучэнцу семінарыі. Гэты жэст падкрэслівае асноўныя функцыі, звязаныя з паслугай акалітату.

Алег Зямчонак навучаецца на чацвёртым курсе Духоўнай семінарыі “Марыя – Каралева Апосталаў” у Пецярбургу. Ён выказвае сваю радасць з нагоды атрымання акалітату: “Я вельмі рады, што біскуп Алег удзяліў мне гэтую паслугу. Цяпер я яшчэ больш наблізіўся да сваёй мары стаць святаром”.

Паслуга акалітату – гэта абавязковая ступень на шляху падрыхтоўкі да святарства, якую семінарысты атрымліваюць пасля паслугі лектарату. Лектарат дазваляе семінарыстам публічна чытаць Божае слова, але не дае яшчэ права гаварыць казанні, якія зарэзерваваны выключна для прадстаўнікоў духавенства (дыяканы, святары і біскупы). Акалітат дае права семінарысту ўдзяляць Святую Камунію вернікам і рабіць выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту без права благаслаўлення. Семінарыст-акаліт можа таксама праводзіць пурыфікацыю літургічнага посуду падчас св. Імшы і праводзіць абрад асвячэння страваў на велікодны стол.

Наступнай ступенню ў фармацыі да святарства ў Алега Зямчонка будзе кандыдатура да дыяканату, якую ён у выпадку паспяховай вучобы атрымае таксама з рук свайго біскупа-ардынарыя Алега Буткевіча.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі