Сем’і сустрэлі новы год у сясцёр назарэтанак у Навагрудку

У час навагодніх святаў дом Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Навагрудку быў у чарговы раз перапоўнены. Сем’і з Асацыяцыі Святой Сям’і пры супольнасці назарэтанак ужо традыцыйна сабраліся на рэкалекцыях на мяжы старога і новага года.

Гэтыя дні праводзілі разам каля 40 дарослых і 40 дзяцей з розных гарадоў Беларусі: Глыбокага, Гродна, Ліды, Маладзечна, Мінска і самога Навагрудка.

На працягу першага дня рэкалекцый, які быў даволі насычаным, запрошаныя спікеры Іван і Наталля Пузанавы, псіхолагі, праводзілі лекцыі і трэнінгі на тэму “Сямейныя крызісы”.

Вечарам удзельнікі маглі акунуцца ў мінулае. Асабліва прыемна было дарослым вярнуцца ў сваё юнацтва, трапіўшы на дыскатэку.

Наступны дзень быў напоўнены клопатамі падрыхтоўкі да навагодняй ночы. У той жа дзень адзначалася свята Святой Сям’і – самае вялікае для супольнасці назарэтанак. На святой Імшы адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, а сёстры назарэтанкі аднавілі манаскія абяцанні.

Навагодні вечар сем’і разам з законнымі сёстрамі пачалі на адарацыі. Яны дзякавалі за пражыты год, за радасці, журботы, а таксама цяжкасці на сваім жыццёвым шляху, прасілі прабачэння за грахі, слабасці, крыўды і расчараванні, прасілі аб благаслаўленні для кожнай сям’і з Асацыяцыі пры супольнасці назарэтанак і для ўсіх сем’яў свету.

Навагодняя ноч, падрыхтаваная з удзелам усіх прысутных сем’яў, была вельмі вясёлай, са спевамі, танцамі, конкурсамі, смехам. Дарослыя ўдзельнікі маглі пасядзець пры свечках і пацешыцца душэўнымі песнямі пад гітару.

На наступны дзень былі падведзены вынікі рэкалекцый. Была магчымасць выказаць адзін аднаму словы ўдзячнасці. Пасля Імшы па традыцыі, якая існуе ў супольнасці назарэтанак, прысутныя выбіралі шляхам жараб’ёўкі святых апекуноў для сем’яў на новы год.

Сустрэчы спадарожнічала цёплая і па-сямейнаму ўтульная атмасфера. Удзельнікі маглі набыць новых сяброў і папрысутнічаць сярод сем’яў, якія хочуць праводзіць сваё жыццё глыбока хрысціянскім чынам.

Удзельнікі рэкалекцый вельмі ўдзячныя кс. Алегу Шпецю SChr з Мінска, сёстрам назарэтанкам і аніматарам за служэнне і дапамогу на гэтай сустрэчы.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі