У Ватыкане прайшла прэзентацыя Асамблеі “RENATE” – аб’яднання членаў манаскіх супольнасцяў і свецкіх вернікаў Еўропы, якія вядуць барацьбу супраць гандлю і эксплуатацыі людзей. Форум будзе праходзіць у Рыме з 6 па 12 лістапада. Праграма мерапрыемства аб’яднана тэмай “Перамога над гандлем людзьмі пачынаецца з нас”. Падчас прэзентацыі былі акрэслены прычыны і маштабы праблемы.
Прастытуцыя з’яўляецца “ракам нашага веку” і супрацьстаяць ёй неабходна, у першую чаргу змагаючыся з спажыўцамі інтымных паслуг, уводзячы законы, якія б іх каралі. Калі не стане кліентаў, гандляры павысыхаюць, як трава ў пустыні, упэўнены члены Аб’яднання па барацьбе супраць гандлю і эксплуатацыі людзей. “Няма попыту – няма і прапановы”, — лічаць яны.
З-за нелегальнага характару гандлю людзьмі складана падлічыць дакладна колькасць ахвяр гэтай дзейнасці, гаворыцца ў дакладзе “RENATE”. Тым не менш, можна з дакладнасцю казаць аб павелічальнай тэндэнцыі гэтага феномену ў краінах Еўропы. Па дадзеных за 2010 год, каля 32% ахвяр паходзіла з краін Балканскага рэгіёну, 19% – з краін былога Савецкага Саюза, 13% – з Паўднёвай Амерыкі, 7% – з Цэнтральнай Еўропы, 5% – з Афрыкі і 3% – з Усходняй Азіі. Згодна з ацэнкамі ААН, гандаль людзьмі з’яўляецца другой па велічыні крыніцай нелегальнага прыбытку пасля наркатрафіку. Сёння прыблізная колькасць ахвяр гандлю людзьмі па ўсім свеце складае 21,5 млн чалавек.
У склад аб’яднання супраць гандлю і эксплуатацыі людзей уваходзяць законніцы і законнікі, якія прыналежаць да розных манаскіх кангрэгацый і інстытутаў, а таксама свецкія асобы, якія супрацоўнічаюць з арганізацыямі па ўсім свеце з мэтай выкаранення любых сучасных форм рабства. На сённяшні дзень філіялы сеткі “RENATE” дзейнічаюць у 25 краінах Еўропы.
