16 кастрычніка 2022 года ў парафіяльны касцёл Святой Тройцы былі ўнесены рэліквіі благаслаўлёнай сястры Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц назарэтанак — мучаніц з Навагрудка, якія загінулі ад рук гітлераўцаў.
Рэліквіі расстраляных нацыстамі сясцёр, якія былі абвешчаны благаслаўлёнымі, ад імя Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта перадала Глыбоцкай парафіі сястра Лаўра Шукеловіч CSFN.
Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч, ініцыятар таго, каб у парафіі з’явіліся рэліквіі мучаніц. У Глыбокім таксама ёсць некалькі сем’яў, якія належаць да Асацыяцыі Найсвяцейшай Сям’i з Назарэта і стараюцца жыць назарэтанскай духоўнасцю.
Сёстры назарэтанкі, якія працягваюць на беларускай зямлі высакародную справу благаслаўлёных манахінь, расказалі пра жыццё і пакутніцкі шлях мучаніц, якія 1 жніўня 1943 года былі расстраляныя ў Батароўскім лесе каля Навагрудка. Назарэтанкі ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на смерць, сярод якіх былі святар і бацькі сем’яў. 5 сакавіка 2000 года назарэтанкі былі беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ на плошчы св. Пятра ў Рыме. Рэліквіі благаслаўлёных сясцёр спачываюць у капліцы фарнага касцёла Перамянення Пана ў Навагрудку. Цяпер частку гэтых рэліквій можна ўшанаваць таксама ў касцёле ў Глыбокім, пакуль адзіным у Віцебскай дыяцэзіі.
Ксёндз Мікалай на заканчэнне Імшы падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і падкрэсліў, што ў гэты дзень парафіяльная супольнасць у Глыбокім атрымала новых апекуноў – благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка, і асабліва заклікаў маліцца за сем’і праз іх заступніцтва.
На заканчэнне ўрачыстасці рэліквіі былі перанесены ў капліцу Маці Божай Падхорнай, дзе таксама быў асвечаны абраз, які выканала Ядвіга Сенько з Маладзечна.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа