Рэкалекцыі на тэму прабачэння прайшлі ва Уселюбе

6-7 лютага ва Уселюбе адбыліся рэкалекцыі на тэму «Навучыцца дараваць і прасіць прабачэння».

Мясцовы дом пілігрыма ізноў гасцінна прымаў удзельнікаў, на гэты раз не толькі з Мінска. Прыехалі госці з Гродна, Ліды, Ашмянаў, Паставаў, Іўя, Салігорска, Ліпнішак, Шчучына, Фаніпаля. Тэма прабачэння стала настолькі актуальнай і запатрабаванай, што не ўсе жадаючыя змаглі трапіць на рэкалекцыі – не засталося свабодных месцаў, таму многіх запісалі на наступны раз – на 20-21 лютага.

Двухдзённыя рэкалекцыі ўключалі святыя Імшы, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, практыкаванні “цішыні”, духоўныя канферэнцыі на тэму прабачэння, сведчанні, малітву аздараўлення.

На рэкалекцыях можна было атрымаць адказы на пытанні: чаму так цяжка дараваць; чаму малітвы «Ойча наш» дастаткова для сустрэчы з Жывым Богам і для здабыцця шляху прабачэння; чаму дар прабачэння такі важны і аб ім трэба маліцца; як прыняць і дараваць чалавеку, які зрабіў нам зло; як дараваць нашым «вінаватым», каб і Бог нам дараваў; як праз прабачэнне наблізіць і паскорыць навяртанне да Бога іншага чалавека; як захаваць сябе і аздаравіць свой род і нават цэлы народ праз прабачэнне; сапраўднае і несапраўднае прабачэнне; як ператварыць трагедыю ў перамогу; як нарадзіцца да новага жыцця.

Тых, хто хацеў бы дараваць каму-небудзь і навучыцца прасіць прабачэння, школа малітвы “Natus Est” запрашае да ўдзелу ў паўторных рэкалекцыях на гэтую тэму. «Уселюб – месца сапраўднай сустрэчы з Жывым Богам і Марыяй! – адзначаюць арганізатары. – Ва Уселюбе ажывае Біблія. Езус і Марыя тут знаходзяцца так блізка да нашага сэрца, што да іх можна дакрануцца духоўна».

Рэгістрацыя па тэлефоне: +37529 280 05 45

grodnensis.by

для друку для друку