“У той час:
Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім:
Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”.
Сёння Касцёл у літургіі ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы абвяшчае заключную частку святога Евангелля паводле Мацвея. У гэтым невялікім урыўку, мы чуем пра загад Езуса рабіць вучнямі ўсіх людзей, увесь свет – “ідзіце і навучайце ўсе народы”, хрысцячы іх “у імя Айца і Сына, і Духа Святога” і навучаючы захоўваць Яго запаведзі.
Святы Хасэмарыя Эскрыва пісаў: “Тройца закаханая ў чалавека (…); Яна адкупіла яго ад граху (…) і горача жадае пасяліцца ў нашай душы” (Гэта Хрыстус праходзіць побач, 84). Езус пасылае сваіх вучняў абвяшчаць Евангелле і хрысціць у імя Найсвяцейшай Тройцы, менавіта таму, што Яна хоча прабываць у кожным сэрцы, якое свабодна адчыняе свае дзверы для Яе. Каб мы не змарнавалі гэтага даручэння, Езус нагадвае нам, што Яму дадзена “ўсялякая ўлада на небе і на зямлі”. У словах неба і зямля, біблійная мова выражае ўсю створаную рэчаіснасць: Езус Усемагутны ў кожным месцы, бачным і нябачным. Яго ўлада і магутнасць могуць дасягнуць кожнага кутка, кожнага асяроддзя і кожнага сэрца.
Але Божая магутнасць не жадае дамінаваць над чалавекам, каб падпарадкаваць яго, каб зрабіць з яго раба, аж да знішчэння, як думаюць многія і таму адмаўляюцца ад любові Бога. Наадварот, перамога і трыумф Пана над грахом і смерцю такі, што Ён узвышае чалавека, каб зрабіць яго здольным мець любоў і давер да Яго, каб чалавек стаў святыняй Боскай прысутнасці.
Перамога Езуса настолькі вялікая, што Ён даручае сваім вучням, місію сусветнага маштабу — асвятляць увесь свет праўдай Евангелля і дарам хросту, але таксама і вучыць усе народы таму, чаму іх вучыў Сын Божы.
Акрамя таго, Езус дае абяцанне, якое запэўнівае вучням і нам бяспеку: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”. У адзіночку, без Езуса, мы нічога не можам зрабіць. У апостальскай працы недастаткова нашых сіл, нашых рэсурсаў, структур, нават калі яны з’яўляюцца неабходнымі. Без прысутнасці Пана і моцы Яго Духа наша праца, нават і добра арганізаваная, не прынясе жаданага плёну. І таму, Найсвяцейшая Тройца, дае нам сілы, каб мы верна захоўвалі Яе запаведзі і навуку (Пар. Літанія да Найсвяцейшай Тройцы) і пераказвалі іх наступным пакаленням.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
![для друку для друку](https://catholicnews.by/wp-content/plugins/wp-print/images/print.gif)