“Рабіце дабро, шукайце справядлівасці”. Экуменічнае набажэнства прайшло ў Мінскай архікатэдры

Ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня праходзіць тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў. Сёлета тэмай экуменічнага тыдня сталі словы кнігі прарока Ісаі “Рабіце дабро, шукайце справядлівасці (Іс 1, 7)”.

21 студзеня ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, прадстаўнікі розных канфесій Беларусі разам з вернікамі сабараліся на экуменічнае набажэнства.

Набажэнству папярэднічала святая Імша ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Падчас казання, звяртаючыся да словаў Евангелля аб пакліканні апосталаў (Мц 4, 12-17), іерарх паставіў слушнае пытанне:

— Да чаго Ён іх паклікаў? Вядома, каб былі побач, каб слухалі навучанне, прысутнічалі пры аздараўленнях. Але таксама, каб потым ішлі і самі прапаведвалі, але не толькі прапаведвалі, а былі сведкамі Хрыста аж да краю Зямлі. Сучасны свет насычаны інфармацыяй. Шмат інфармацыі ёсць і пра хрысціянства: часам праўдзівай, часам ілжывай. Але апроч інфармацыі, сённяшні свет патрабуе сведчання. Формай сведчання сучаснага хрысціяніна павінна быць любоў .

Іерарх звярнуў увагу, што Беларусь – краіна, дзе жывуць хрысціяне розных канфесій, але ўсе гэтыя канфесіі аб’ядноўвае вера ў Езуса Хрыста і жыццё паводле праўдаў Евангелля.

Напрыканцы гаміліі біскуп Юрый заклікаў да яднання хрысціянаў у супольнай малітве, а таксама ў любові і ўчынках міласэрнасці.

Пасля святой Імшы распачалося экуменічнае набажэнства, якое ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім у малітве ядналіся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, біскуп Юрый Касабуцкі, святары і вернікі мінскіх парафій, а таксама запрошаныя прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій: прадстаўнік Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, лютэранскі пастар з Гродна Уладзімір Татарнікаў, дэкан Мінскай багаслоўскай семінарыі Аб’яднання евангельскіх хрысціянаў баптыстаў Павел Асененка, прадстаўнік Біблейскага таварыства ў Беларусі Аляксандр Камінскі, канцлер Курыі Беларускай грэка-каталіцкай Царквы айцец Яўген Усошын.

Выбар тэмы для Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў у 2023 годзе і падрыхтоўку матэрыялаў ажыццявіла група хрысціянаў са Злучаных штатаў Амерыкі.

Сімваламі, якія выкарыстоўваліся падчас спаткання сталі вада і камень.

Вада – гэта знак хросту і ачышчэння ад грахоў. Камень – сімвал “жывых камянёў”, з якіх складаецца Касцёл.

Экуменічнае набажэнства распачалося гімнам да Духа Святога, а потым адбылося вызнанне грахоў словамі з кнігі прарока Ісаі.

Прагучалі чытанні са Святога Пісання, пасля чаго прадстаўнікі розных канфесій звярнуліся да прысутных з прамовамі. Заканчваючы прамову, кожны выступоўца паклаў камень да падножжа крыжа, што сімвалізавала адзінства ў Езусе Хрысце.

Закончылася набажэнства супольнай малітвай “Ойча наш”. Малітвай, якую Сам Хрыстос пакінуў нам у Святым Пісанні.

Напрыканцы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў усім прысутным, а таксама арганізатарам экуменічнага спаткання. Іерарх запрасіў кожнага не толькі чытаць Божае слова, але і жыць ім штодня.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Мікола Новікаў, фота, сatholic.by

для друку для друку