Пяць пытанняў святару. Варажба і народная абрадавасць на Божае Нараджэнне

кс. Юрый Жэгарын

Божае Нараджэнне лічыцца адным з самых прыгожых і таямнічых хрысціянскіх святаў. Яно дае кожнаму адчуванне сапраўднага цуду. А цуд, безумоўна, мае месца: сам Хрыстос у постаці немаўляці прыходзіць у гэты свет.

Нашы продкі верылі, што ў святую ноч адкрываюцца нябёсы, а на зямлю сыходзяць шматлікія ласкі. З гэтым святым часам звязваюць разнастайныя містыфікацыі. Тое прасочваецца і ў фальклоры, і ў літаратуры. У школьныя гады многія знаёміліся з аповесцю Мікалая Гогаля “Ноч перад Раством”, якая ўваходзіць у цыкл “Вечары на хутары бліз Дзіканькі”. Вядзьмаркі, чорт і многія іншыя містычныя персанажы паўстаюць перад чытачом. У іншых апавяданнях з цыклу можна сутыкнуцца з каляднай варажбой, прыкметамі і павер’ямі. Аднак варажбой у калядную ноч займаюцца не толькі гогалеўскія персанажы. Нават хрысціяне, што практыкуюць веру, час ад часу забаўляюцца такім чынам, імкнучыся зазірнуць за таямнічую і загадкавую заслону. Ці можа католік варажыць? Якія калядныя звычаі не маюць дачынення да хрысціянства? Гэтыя і многія іншыя надзённыя пытанні мы задалі ксяндзу Юрыю Жэгарыну, пробашчу парафіі св. Міхаіла Арханёла ў Навагрудку і вядоўцу праекта PAX.TV.

– Хвала Хрысту! Ксёндз Юрый, з Божым Нараджэннем звязана безліч традыцый. Часам хрысціянскія звычаі цесна пераплятаюцца з народнай абрадавасцю. Чым гэта тлумачыцца?

– Крыху менш чым дзве тысячы гадоў таму хрысціянства пачало распаўсюджвацца па ўсім еўрапейскім кантыненце, а таксама на Блізкі Усход і Азію. Маладая вера спаткалася з язычніцкімі звычаямі і традыцыямі карэнных народаў. Поўнае евангельскага энтузіязму, Хрыстовае вучэнне закаранялася ў шматлікія язчыніцкія народы, змяняючы іх паганскую ментальнасць. Адкрываючы кнігу Дзеяў Апосталаў, а таксама пасланні св. Паўла, мы бачым, наколькі хутка яно распаўсюджвалася і змяняла сэрцы людзей. Працэс гэты быў дастаткова доўгім, у выніку якога многія формы язычніцкіх традыцый і звычаяў “хрысціянізаваліся”. Форма з невялікімі зменамі заставалася, аднак сутнасць звычаяў станавілася іншай. Навошта было нішчыць тое, што фарміравалася стагоддзямі ці тысячагоддзямі і найчасцей было звязанае з рытмам звычайнай чалавечай жыццядзейнасці, мела практычнае вымярэнне (дажынкі, зажынкі, змены пораў году, святкаванні сямейных падзеяў). Не дзіўна, што хрысціянскія традыцыі могуць нам нагадваць тыя традыцыі і звычаі, якія бяруць пачатак з часоў паганства. Найважнейшае – сутнасць, а не форма.

На нашую зямлю, як і ва ўсю Усходнюю Еўропу, хрысціянства прыйшло амаль на тысячагоддзе пазней. Славянскія народы Усходняй Еўропы сталі хрысціянскімі, і працэс хрысціянізацыі праходзіў даволі павярхоўна. Аднойчы я сустрэўся з меркаваннем (з якім у пэўным сэнсе згодны), што славяне на нашых землях так да канца і не закараніліся ментальна ў хрысціянстве. Варта ўзгадаць прыклад Вялікага Княства Літоўскага і яго першага князя Міндоўга, які ў сярэдзіне ХІІІ ст. прыняў хрысціянства лацінскага абраду толькі фармальна, пераследуючы палітычныя мэты, а потым здзейсніў апастасію.

Язычніцкія традыцыі і звычаі былі адкінутыя хрысціянствам, асабліва тыя, якія вельмі цесна спалучаліся з паганскім культам і наўпрост супярэчылі Божым наказам, а тыя, каторыя можна было напоўніць новым, хрысціянскім сэнсам, захаваліся і набылі новае духоўнае вымярэнне.

Паняцце народнай абрадавасці ў кантэксце Беларусі вельмі шырокае і яно можа быць як хрысціянскім, так і язычніцкім. Ёсць такія народныя язычніцкія звычаі, якія здаўна культывуюцца і так і не набылі ніякіх хрысціянскіх рысаў і напаўнення. Яны праяўляюцца ў культываванні дзіўных рэчаў, забабонаў, варажбы, прыкметаў і гэтак далей, яны супярэчаць добрым хрысціянскім звычаям і традыцыям.

– Незамужнія дзяўчаты, якія імкнуліся знайсці пару, часта звярталіся ў ноч Божага Нараджэння да варажбы. Звяртаюцца да гэтага і сёння. Мы ведаем, што ўсялякая варажба з’яўляецца грахом. Аднак многія апраўдваюць свае дзеянні тым, што варожаць не на поўным сур’ёзе, а дзеля цікавасці або забавы. А значыць, не робяць грэх. Ці можна пагадзіцца з такім меркаваннем?

– Хрысціянскія і язычніцкія традыцыі маюць яшчэ і духоўнае вымярэнне і могуць адсылаць нас як да духоўнай рэчаіснасці дабра, так і да духоўнай рэчаіснасці зла. Усё залежыць ад напаўнення. Варажба з’яўляецца праяўленнем паганскіх культаў, якая цалкам была адкінутая хрысціянствам, таму што парушае першы Божы наказ “Не май іншых багоў, апроч Мяне”. Калі хтосьці пачынае практыкаваць супярэчлівую хрысціянству варажбу, тое хоча ён гэтага ці не, але дакранаецца да духоўнай рэчаіснасці зла. У такім выпадку абрад, які непасрэдна належыць да формы язычніцкага культу, становіцца памостам паміж злом і чалавекам. Калі хтосьці кажа пра жарт, то, нават жартуючы, можна дакрануцца да зла. Сама зацікаўленасць, якая праяўляецца праз жарт, сведчыць пра духоўную адкрытасць асобы. Рэчаіснасць зла ўспрымае гэта вельмі сур’ёзна і расцэньвае як пэўнае запрашэнне. Евангелле называе рэчаіснасць персаніфікаванага зла злодзеем – “Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць” (Ян 10, 10). Таму, на маю думку, нельга пагадзіцца з меркаваннем, што практыкаванне паганскіх культавых абрадаў і звычаяў дзеля цікавасці і забавы не з’яўляецца парушэннем Божага наказу.

– Па традыцыі на вігілійным стале прысутнічае сена. Многія людзі і сёння пасля заканчэння вігілійнай вячэры выцягваюць саломкі з-пад абруса. Лічыцца, у каго саломка акажацца даўжэйшай, таму гарантаванае доўгае жыццё. Ці з’яўляюцца такія дзеянні прымальнымі для хрысціяніна?

– Першы раз чую пра такі звычай, які мае ў сабе элемент “прадказання будучыні”, а значыць, і магічнае напаўненне. У чым праяўляецца магічнае мысленне? У тым, што чалавек хоча падпарадкаваць існую рэчаіснасць да сваёй волі праз магічныя абрады і звычаі. У ім нараджаецца адчуванне ўласнага кантралявання падзеяў. Гэта супярэчыць хрысціянскай праўдзе пра спрадвечную мудрасць Божай прадбачлівасці, якой трэба даверыцца.

Дапусцім, што такім чынам дарослыя пажартавалі і выцягнулі саломкі з-пад абруса падчас вігілійнай вячэры. А як дзеці, моладзь могуць гэта ўспрыняць? Лічу, што падобныя звычаі належаць да разраду бытавых забабонаў і не сумяшчаюццца са святкаваннем Раства. Замест іх існуе вялікая колькасць добрых хрысціянскіх традыцый і звычаяў, якія неабходна ўводзіць у сямейнае святкаванне Божага Нараджэння і іншых хрысцянскіх урачыстасцяў.

– У ноч Божага Нараджэння існуе традыцыя здымаць вароты, падпіраць кіямі дзверы і нават мяняць месцамі жывёл у двары гаспадароў. Што можаце сказаць пра гэты звычай?

– У мясцовасці, адкуль я паходжу, таксама ёсць падобная “традыцыя”. Калі я быў падлеткам, мае калегі-аднакласнікі нават прапаноўвалі паўдзельнічаць у здыманні ўваходных брамаў. Лічу гэты звычай шкодным і нехрысціянскім, таму што ён прыносіць людзям праблемы і матэрыяльныя шкоды. Насамрэч гэта “традыцыя” не была звязаная з Божым Нараджэннем, а толькі з жартам у адносінах да закаханых маладых людзей, калі вароты, дзе жыла дзяўчына, жартаўнікі пераносілі ў двор яе каханага.

– Дзе праходзіць мяжа, якая аддзяляе хрысціянскія традыцыі ад язычніцкіх абрадаў? Як яе самастойна вызначыць?

– Найперш трэба звяртаць увагу на сутнасць звычаяў, да чаго яны адсылаюць і чаму нас вучаць. Добрыя, хрысціянскія звычаі скіроўваюць заўсёды да хрысціянскіх цнотаў – да веры, надзеі і любові да Бога і бліжняга. Калі гэтымі прынцыпамі мы будзем кіравацца, то ніколі не памылімся і не збочым. Добра сфарміраваны, сталы, хрысціянскі светапогляд і глыбокая вера заўсёды будуць нам паказваць адпаведны вектар дзеянняў.

Гутарыла Марта Венславовіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі