Знайсці апору ў Пану: як працуе адзіная ў Беларусі праграма духоўнага ўзрастання для мужчын

У Беларусі некалькі гадоў таму з’явілася праграма духоўнага ўзрастання для мужчын Exodus 90. Гэта 90 дзён малітвы, аскезы і братэрства. Рух сабраў вакол сябе сотні чалавек — як вернікаў, так і тых, хто толькі шукае веру. Пра тое, што стаіць за праграмай, як яна змяняе людзей і чаму шлях да сэрца беларускага мужчыны застаецца асаблівай загадкай, — у інтэрв’ю з Віталём Грышкевічам, адным з арганізатараў Exodus 90.

 Для чытачоў, якія чуюць пра Exodus 90 упершыню: што гэта за праграма і ў чым яе сэнс для мужчын?

— Exodus 90 — гэта праграма духоўнага ўзрастання. Яна ўключае практыкаванні, звязаныя з целам, з адносінамі, з унутраным засяроджаннем — усё гэта дзеля таго, каб чалавек узрастаў духоўна. Гэта не пра дыеты, спорт ці інтэлектуальнае самаўдасканаленне. Гэта перш за ўсё пра дух.

Калі духоўнае жыццё стаіць на першым месцы і яго сілкуюць жывой вадой, усё астатняе таксама пачынае расці. Цела становіцца добрым слугой. Інтэлект праясняецца. Душа і эмоцыі супакойваюцца. Галоўны сэнс праграмы — знайсці сябе, знайсці ўнутраную апору ў Пану. Зразумець, што ў Яго ёсць план — цудоўны план — і што гэты план можна ажыццяўляць разам з Хрыстом. Exodus пакліканы дапамагчы мужчыну выйсці да сапраўднай свабоды.

 Як у Беларусі з’явілася праграма Exodus 90 і якую ролю вы ў ёй сёння выконваеце?

— Да канца я не ведаю, як менавіта яна трапіла ў нашу краіну. У тым выглядзе, у якім праграма дайшла да мяне, яна была адаптавана святаром Яўгенам Шымановічам, які практыкаваў яе ў Глыбокім. Перакладам, наколькі я чуў, займаліся браты капуцыны. Ім, відавочна, належыць беларускамоўная версія.

Сёлета ў беларускім руху я быў галоўным арганізатарам: адаптаваў праграму пад месэнджар, у якім удзельнікі маглі камунікаваць, падрыхтаваў і агучыў штодзённыя разважанні. Летась я пераклаў матэрыялы на рускую мову, сёлета — стварыў новы чат, арганізаваў старт, сабраў каманду арганізатараў. Праграма вялася ў малых групах — у асобных чатах, якія мы сфарміравалі разам.

Нядаўна адбыўся выніковы з’езд пад назвай «Апошні Эксодус» — сустрэча на тэму «Што далей?». Пакуль я не адчуваю ўнутранага закліку працягваць у ранейшым фармаце, але спадзяюся, што гэта зменіцца: я бачу, як змяняюцца жыцці мужчын, і гэта не можа не натхняць.

 Хто звычайна прыходзіць у Exodus 90 — ужо практыкуючыя мужчыны-католікі ці тыя, хто толькі шукае апору ў жыцці і веры?

— Першапачаткова праграма разлічана на вернікаў-католікаў, аднак я свядома змяніў акцэнты: Exodus, якім я займаўся, быў адкрыты для ўсіх ахвотных. Там ёсць выклікі, разлічаныя на розных людзей — з розным узроўнем веры і розным жыццёвым досведам.

Праграма закранае духоўнае, а дух ёсць у кожнага чалавека. Таму я ўспрымаю Exodus і як магчымасць для няверуючага пражыць пэўны перыяд так, каб асабіста пазнаёміцца з Богам. Не праз чужыя словы, а праз уласны досвед.

 З якімі цяжкасцямі ўдзельнікі сутыкаюцца на пачатку шляху — на ўзроўні звычак, дысцыпліны і ўнутранага настрою?

— Выклікі ў кожнага свае. У кагосьці ўсё ідзе лёгка, у кагосьці з першых дзён пачынаецца ўнутраная барацьба. Сутнасць праграмы — гэта малітва, аскеза і братэрства. Шмат канкрэтных дысцыплін закранаюць усе сферы жыцця: ад штодзённага халоднага душа да абмежаванняў у ежы і карыстанні гаджэтамі, ад штотыднёвых сустрэч братоў да штодзённай гадзіны малітвы.

Менавіта малітва, на мой погляд, — самая складаная частка. Гадзіна ўсвядомленай, засяроджанай малітвы штодзень — гэта сур’ёзная праца. Нават для тых, хто лічыць сябе чалавекам малітвы. Я ведаю: з гэтым ва ўсіх узнікаюць цяжкасці.

Але ёсць і іншае. Калі чалавек шчыра настроены і ідзе наперад, Пан дзіўным чынам падтрымлівае яго — і многія аскезы даюцца лягчэй, чым можна было чакаць. А яшчэ важна разумець: падзенне ў аскезе — гэта не правал, а прыступка. Той, хто ўпаў і падняўся, духоўна вырас больш, чым той, хто прайшоў без перашкод. Я ведаю гэта па сабе. І ведаю адно: калі ўсё ідзе добра, вельмі лёгка разбудзіць такога неўтаймаванага звера, як пыха.

 Калі глядзець глыбей: што сёння найчасцей перашкаджае мужчыну будаваць жывыя адносіны з Богам?

— Першы і, напэўна, самы неадступны вораг — гэта асяроддзе. Людзі, якія самі не разабраліся ў сабе, але бяруцца вучыць цябе, як трэба жыць.

Духоўнае жыццё — гэта сфера, у якой ты абсалютна адзін. У Бібліі сказана, што шлях, які вядзе да Нябеснага Валадарства, — вузкі. У грэчаскім арыгінале гэтае слова літаральна азначае «на аднаго чалавека»: двое не змесцяцца. Ты сам нясеш адказнасць за свае выбары і рашэнні.

Але свет уладкаваны так, што бесперапынна ўмешваецца ў гэтыя выбары. Адусюль ляцяць інструкцыі: што купіць, што есці, у што верыць, як выглядаць. Exodus закліканы даць чалавеку цішыню — тую ўнутраную цішыню, у якой ён сам навучыцца чуць сябе і прымаць уласныя рашэнні.

 Да якіх наступстваў гэта прыводзіць, калі чалавек нічога не змяняе — у асабістым жыцці, сям’і, адказнасці?

— Самы страшны вынік — калі чалавек губляе само жаданне мець адносіны з Панам. Нежаданне перамен. Нежаданне жывога жыцця.

Чалавек прывыкае жыць у скажоным успрыманні рэальнасці. Я называю гэта дысфункцыяй: такое існаванне не працуе так, як задумана Богам. Але калі чалавек жыве ў ёй дастаткова доўга, ён пачынае ўспрымаць яе як норму. Перастае разумець, чаго хоча сам. Унутраны заклік заглушаецца звычкамі, мітуснёй, забаўкамі.

Паводле маіх назіранняў, той, хто не шукае жывых адносін з Панам, ніколі да канца не спаталяе ўнутраную смагу. Ён можа шмат дасягаць, шмат спажываць — але гэта не насычае. Урэшце чалавек ламаецца: губляе сэнс, становіцца часткай шэрай масы, пазбягае адказнасці, чакае, што за яго ўсё вырашаць іншыя. Гэта вельмі горкая карціна — і вельмі распаўсюджаная.

 У праграме выкарыстоўваецца класічная хрысціянская трыяда: малітва, аскеза і братэрства. Чаму менавіта такое спалучэнне аказваецца дзейсным?

— Таму што яно закранае адразу ўсе сферы жыцця чалавека. Чалавек — гэта дух, душа, розум і цела. І кожны з трох элементаў праграмы працуе са сваім складнікам.

Малітва — гэта размова з духоўным пачаткам. Зварот да Бога, доказ таго, што ты — істота духоўная. Аскеза — гэта праца з целам: фізічныя практыкаванні, абмежаванні ў ежы і забаўках. Але ў аскезе схавана і развіццё розуму: калі вызваляецца час, яго можна ўкласці ў чытанне, навучанне, асэнсаванне. Братэрства — гэта праца з душой: адносіны з іншымі мужчынамі, сапраўдная блізкасць, шчырасць, узаемная падтрымка.

Менавіта таму праграма змяняе не асобныя звычкі, а саму сутнасць жыцця.

— Як змяняецца ўнутраны свет мужчыны ў працэсе — яго стаўленне да малітвы, да сябе, да Бога?

— Калі гаварыць пра адзін пройдзены «Эксодус» — гэта адзін адказ. Калі пра некалькі — зусім іншы. Я веру, што свет дынамічны: не існуе застою. Ты альбо расцеш да святла, альбо рухаешся ўніз. І любая форма ўдзелу — поўная ці нават проста ўнутраная барацьба з самім сабой — ужо запускае пэўную дынаміку.

Самае важнае, што дае Exodus, — усведамленне ўласнай слабасці без дапамогі Пана. Калі чалавек падае ў аскезах і бачыць, што сам ён нічога не можа, — гэта не паражэнне. Гэта пачатак. Бо менавіта тады з’яўляецца магчымасць аддаць сябе ў рукі Божыя. І тады важна выхаваць не «мышцу», якая не дае ўпасці, — а тую, якая дазваляе падняцца. Хоць у тысячны раз.

Я шчыра веру: чалавек, які пачынае гэты шлях, павінен упасці. Павінен расчаравацца ў сабе, у сваіх сілах. Гэта цудоўная магчымасць даверыцца Богу, Які ведае лепш за нас, як нам быць.

 Якія змены вы назіраеце ў тых, хто праходзіць шлях да канца? Ці можна казаць пра доўгатэрміновы эфект?

— За ўвесь час, што я займаюся гэтым рухам, праз праграму ў маім асяроддзі прайшло каля 250 чалавек. Тых, хто прайшоў ад пачатку да канца, — можа, пяцьдзесят. Слухаючы іх гісторыі, я разумею: кожная ўнікальная.

Доўгатэрміновы эфект існуе — я ў гэтым не сумняваюся. Але самая каштоўная змена, якую я назіраю зноў і зноў: падчас «Эксодуса» мужчына набывае сапраўдных сяброў. Тых, хто прымае яго любым. Тых, хто не чытае натацый, але дапамагае вырвацца з пастак, якія ўсё жыццё не давалі яму свабодна дыхаць. Гэта самы трывалы плён праграмы.

— І напрыканцы: што, на ваш погляд, гэты досвед кажа пра сучаснага мужчыну ў Беларусі і яго шлях да веры і сталасці?

— Шлях да сэрца мужчыны — гэта загадка. А шлях да сэрца беларуса — загадка ўдвая. Я не ведаю адказу на пытанне, як да яго дабрацца. Але ведаю адно: калі не спрабаваць — не даведаешся.

Для мяне Exodus — гэта адна са спроб знайсці гэты шлях. Не маніпуляцыя, а запрашэнне. Калі мужчына знойдзе апору ў Пану, яго жыццё набудзе такую сілу і такія фарбы, якіх ён ніколі раней не ведаў. І тады ён зможа быць шчаслівым — па-сапраўднаму.

Размаўляў Мікалай Васькоў, catholicminsk.by

для друку для друку