Першыя сумесныя рэкалекцыя для сясцёр з розных манаскіх супольнасцяў, якія працуюць у Беларусі, прайшлі ў Росі

З 1 па 7 жніўня пры санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) праходзілі першыя ў Беларусі супольныя рэкалекцыі для сясцёр з розных манаскіх кангрэгацый, якія працуюць у нашай краіне.

У духоўных практыкаваннях, арганізаваных па ініцыятыве Рады Каардынацыйнай Групы вышейшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстаў апостальскага жыцця ў Беларусі, узялі ўдзел прадстаўніцы дзевяці розных манаскіх кангрэгацый з усіх дыяцэзій мясцовага Касцёла.

Міжкангрэгацыйныя рэкалекцыі ў Росі сталі адказам на выклікі цяперашняга часу, пазначанага пандэміяй каранавірусу, што не дазваляе многім сёстрам браць удзел у сустрэчах, арганізаваных у дамах іх уласных кангрэгацый.

Духоўныя практыкаванні для сясцёр праводзіў ксёндз Артур Ляшнеўскі, салезіянін.

Галоўнай думкай, што на працягу пяці дзён спадарожнічала ўдзельнікам рэкалекцый, была надзея, якая павінна прасякнуць усе асекты жыцця кансэкраванай асобы: малітву, аскезу, харызму, клопат пра духоўнае развіццё, штодзённае служэнне людзям.

Прыгожым вопытам для ўдзельніц рэкалекцыі стала з’яднанне сясцёр у багацці разнастайных харызмаў іх манаскіх супольнасцяў, якія разам стварылі цудоўную супольнасць асоб, пакліканых да блізкіх адносін Хрыстом. Будаванне супольнасці малітвы падчас Эўхарыстыі, Літургіі гадзінаў і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту дакладна прынясе плён подыху надзеі не толькі ўдзельніцам рэкалекцый, але таксама Касцёлу ў нашай Айчыне і ўсім тым, каму яны штодзённа служаць.

Сястра М. Марцэліна Мігач ISSM, Catholic.by

для друку для друку