У лацінаамерыканскай Венесуэле сёлета ўпершыню з 2021 года з’явіўся Апостальскі нунцый. Але ўручэнне ім даверчых граматаў кіраўніку краіны выклікала крытыку з боку венесуэльцаў, бо адбылося гэта падчас масавых пратэстаў у краіне.
Без Апостальскага нунцыя Венесуэла жыла з 2 снежня 2021 года, калі ад каранавіруса памёр мінулы прадстаўнік Ватыкана ў краіне Альда Джардана. Ён займаў пасаду нунцыя з 2013 года. Новага свайго прадстаўніка ў Каракасе, якім стаў іспанскі арцыбіскуп Альбэрта Артэга Мартын, Папа Рымскі Францішак прызначыў 14 мая 2024 года. Але прадставіў даверчыя граматы ўладам краіны ён толькі праз тры месяцы, калі сітуацыя ў Венесуэле накалілася вельмі моцна. У выніку фармальны крок ватыканскага дыпламата выклікаў крытыку з боку венесуэльцаў.
З чаго ўсё пачалося
28 ліпеня ў Венесуэле прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары, на якіх, паводле афіцыйных звестак, перамог дзейны кіраўнік краіны Нікалас Мадура, што займае сваю пасаду з 2013 года. Да таго Венесуэлай з 1999 года кіраваў ягоны паплечнік Уга Чавес. Паводле афіцыйных звестак, Мадура набраў 54% галасоў. Аднак апазіцыя са спасылкай на альтэрнатыўны падлік галасоў заявіла пра перамогу з 67% свайго кандыдата – Эдмунда Гансалеса.
Нават прыязныя Венесуэле левыя ўрады Мексікі, Бразіліі, Калумбіі і Чылі не паверылі ў афіцыйную перамогу Мадуры. А некаторыя амерыканскія краіны, як Аргенціна, ЗША, Панама, Перу, Эквадор, наогул прызналі перамогу апазіцыйнага кандыдата. У самой жа Венесуэле пачаліся масавыя пратэсты, паведамляецца пра 24 забітых пратэстоўцаў і сама меней 2400 арыштаваных. Ёсць сярод затрыманых таксама каталіцкія святары.
На гэтым фоне Канферэнцыя біскупаў Венесуэлы аб’яднала галасы «пастыраў народу Божага» з «усімі тымі, хто ўнутры і за межамі Венесуэлы патрабуе праверкі вынікаў галасавання».
Да празрыстага пераліку галасоў заклікаў і езуіцкі Цэнтр Гумілля, які таксама асудзіў «гвалт і палітычны пераслед».
«Я хачу пацвердзіць, што Касцёл не толькі праз біскупаў, але таксама праз святароў, дыяканаў і многіх людзей, якія ўдзельнічаюць у пастырскім служэнні свецкіх, павялічыў сваю прысутнасць і блізкасць да людзей, выказваючы не толькі гэтую блізкасць, але і тое, што мы з’яўляемся чальцамі Божага народу, што мы таксама пакутуем разам з нашым народам і спадзяёмся разам з нашым народам. Мы падзяляем пакуты нашага народа», – распавёў Vatican News Марыё Маронта Радрыгес, віцэ-старшыня Венесуэльскай біскупскай канферэнцыі і біскуп Сан-Крыстабаля.
Сваю салідарнасць з народам Венесуэлы «у гэтых складаных палітычных і сацыяльных абставінах» выказала і CELAM, Рада біскупаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскіх астравоў. Яна заклікала да няспынных малітваў «да Бога, Пана гісторыі, каб асвятліць шлях Венесуэлы да міру, справядлівасці і агульнага дабра», а таксама, каб «мудрасць Божая напоўніла розумы і сэрцы ўсіх тых, хто адказвае за прыняцце рашэнняў на карысць людзей».
Арцыбіскуп суседняй Панамы Хасэ Дамінга Уллёа Мендыета ў сваю чаргу заахвоціў да «салідарнасці і блізкасці» з венесуэльцамі, каб «праўда і празрыстасць перамаглі ў гэтыя часы цемры і нявызначанасці». Ён заклікаў да міжнароднай падтрымкі венесуэльцаў, якія, на яго думку, абараняюць праўду.
Пазіцыя Ватыкана
З заявамі адносна сітуацыі ў Венесуэле выступіў і Ватыкан. Яго пастаянны назіральнік пры Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў Хуан Антоніё Крус Сэрана на пазачарговай сесіі Пастаяннай рады арганізацыі 31 ліпеня падтрымаў заклік венесуэльскіх біскупаў да празрыстасці выбараў, як і «дэмакратычнае пакліканне венесуэльскага народа», што праяўляецца ў «масавым, актыўным і грамадзянскім удзеле ўсіх венесуэльцаў у выбарчым працэсе». Паводле яго, «толькі дыялог і актыўны і поўны ўдзел усіх палітычных суб’ектаў, датычных да гэтага працэсу, могуць прывесці да пераадолення цяперашняй сітуацыі і сведчання пра дэмакратычнае суіснаванне ў краіне». «Я шчыра заклікаю ўсе бакі шукаць праўду, праяўляць стрыманасць, пазбягаць усіх відаў гвалту, вырашаць спрэчкі шляхам дыялогу і дбаць пра сапраўднае дабро насельніцтва, а не пра партыйныя інтарэсы», – заявіў падчас сваёй прамовы «Анёл Панскі» 4 жніўня Папа Францішак.
А праз дзесяць дзён, 14 жніўня, даверчыя граматы Мадуру ўручыў новы Апостальскі нунцый у Каракасе Артэга. Гэтая падзея транслявалася ў наўпроставым эфіры па дзяржаўным тэлебачанні Венесуэлы, і нунцый быў заўважаны з усмешкаю побач з Мадурам. Частка жыхароў краіны расцаніла гэты крок ватыканскага дыпламата як правакацыйны, адзначае The Pillar. А Папу Рымскага абвінавацілі ў супрацы з венесуэльскімі ўладамі і сімпатыях да камунізму, што вельмі адрозніваецца ад успрыняцця венесуэльцамі мясцовага Касцёла. Крытыкуюць яго і за аднолькавае стаўленне да «абодвух бакоў» канфлікту.
Ватыкан у апошнія гады рабіў некалькі спробаў стаць пасярэднікам паміж уладамі і апазіцыяй у Венесуэле, але ўсе яны пацярпелі няўдачу.
Яшчэ пасля пратэстаў 2014 года Папа накіраваў у Каракас ліст з заклікам да перамоваў, а Апостальскі нунцый выступіў у якасці пасярэдніка, але перамовы ні да чаго не прывялі. Падчас пратэстаў 2018 – 2019 гадоў і прызнання шэрагам заходніх краінаў прэзідэнтам Венесуэлы Хуана Гуайдо, Ватыкан, паводле Дзяржсакратара кардынала П’етра Параліна, заняў пазіцыю «пазітыўнага нейтралітэту» ў гэтым пытанні. За што Святы Пасад крытыкавалі ў тым ліку і мясцовыя каталіцкія лідары.
Тым не менш, нягледзячы на афіцыйны нейтралітэт, Ватыкан неўзабаве пачаў паказваць, што сумняваецца ў добрасумленнасці венесуэльскіх уладаў. У пачатку 2019 года Мадура напісаў Папу Францішку ліст з просьбай пра чарговае пасярэдніцтва для выйсця з палітычнага крызісу. Але ў адказе за подпісам Святога Айца, які трапіў у медыі, той дэманстратыўна звяртаўся да Мадуры «спадар», а не «прэзідэнт», і адзначыў, што абавязкі Каракаса з папярэдніх перамоваў – адкрыццё гуманітарнага канала і заклік да свабодных выбараў – не былі выкананыя.
Як адзначаюць медыі, Папу Францішка цяжка звінаваціць у адсутнасці экспертызы адносна Венесуэлы. Гэтак, Дзяржсакратар Ватыкана Паралін з 2009 па 2013 гады быў нунцыем менавіта ў Венесуэле. З Венесуэлы паходзіць і кіраўнік папскага апарату арцыбіскуп Эдгар Пэння Пара, у якога, як кажуць, няма «любові» да венесуэльскіх уладаў. Венесуэльцам з’яўляецца і кіраўнік ордэну езуітаў, да якога належыць Святы Айцец, кс. Артура Соса.
Паводле The Pillar, палітыка Папа Францішка адносна Венесуэлы можа грунтавацца на некалькіх падставах. Першая, гэта субсідыярны падыход, што пакідае ацэнку мясцовай сітуацыі мясцовым жа біскупам. Пры гэтым сам Святы Айцец раней казаў, што «голас венесуэльскіх біскупаў таксама з’яўляецца маім голасам». А другая, гэта засцярога Святога Пасаду адносна магчымага пагаршэння сітуацыі для Касцёла ў краіне ў выпадку крытыкі ўладаў, як гэта ўжо адбылося ў іншай лацінаамерыканскай краіне – Нікарагуа. Апроч таго, згодна з канкардатам ад 1965 года, улады Венесуэлы фактычна могуць блакаваць прызначэнні новых біскупаў, а ў краіне і так шмат вакантных дыяцэзіяў.
У выніку, адзначае The Pillar, новы нунцый быў змушаны ўсё ж перадаць даверчыя граматы Мадуру, калі ў краіне яшчэ ішлі пратэсты супраць вынікаў выбараў. Паводле выдання, улады Венесуэлы маглі адмыслова затрымаць іх уручэнне, каб яно адбылося ўжо пасля выбараў і стварыла ўражанне падтрымкі Ватыканам афіцыйнага Каракаса. Тады як адтэрміноўка цырымоніі з боку нунцыятуры магла б стварыць дадатковыя цяжкасці для Касцёла ў Венесуэле. І гэта пры тым, што нельга выключаць, што і пазней нунцыю давялося б мець справу з усё тым самым Мадурам.
Мечыслаў Гапановіч
для друку