Пастырскі ліст біскупа Алега Буткевіча на перыяд Адвэнту

Паважаныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У мінулую нядзелю мы распачалі Адвэнт – час радаснага чакання, які павінен падрыхтаваць нас да свята Божага Нараджэння. Гэта вельмі адметны час. З аднаго боку – гэта радасны перыяд, бо як заахвочвае нас евангеліст Лука: “выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне» (Лк 21, 28). З іншага — гэта адмысловы час для нашага навяртання:  “…падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца і выбоістыя дарогі стануць раўнінай і ланцугі гор — далінаю” (Лк 3, 6). Гэтыя словы Яна Хрысціцеля трывала спадарожнічаюць нам у часе кожнай падрыхтоўкі да сустрэчы надыходзячага Збаўцы. Іх значэнне тлумачыць нам сёння апостал Народаў у лісце да Філіпянаў: “…каб любоў вашая яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні, каб вы, пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста, напоўненымі пладамі справядлівасці праз Езуса Хрыста, на славу і хвалу Божую. (Флп 1, 9-11). Таму Адвэнт, – гэта асаблівы час, каб наноў паспрабаваць шукаць “таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях думаць, а не пра зямное.” (пар. Клс 3, 1-3).

Дарагія дыяцэзіяне, у распачатым ужо Адвэнце, я хачу падзяліцца з вамі некаторымі думкамі адносна асаблівасцяў сёлетняй падрыхтоўкі да Божага Нараджэння.

Адвэнт – час чакання

Напэўна яшчэ ніколі ў нашай навейшай гісторыі мы не знаходзіліся ў сітуацыі, якая так абвастрала б перажыванне чакання – гэтай адмысловай рысы Адвэнту – у якой мы жывём ужо не першы год з-за пандэміі каранавірусу.

Пандэмія моцна падарвала нашу магчымасць планаваць, рабіць прагнозы, вызначаць тэрміны і іх прытрымлівацца. На пачатку крызісу мы думалі, што праблема будзе вырашана вельмі хутка, аднак яе вырашэнне зацягнулася. Мы сапраўды не ведаем, што з намі будзе заўтра, як увогуле заўтра будзе выглядаць свет, які раптам апынуўся перад мурам нявызначанасці. Усё гэта не можа нас не бянтэжыць.

У чымсьці падобную сітуацыю перажывалі першыя хрысціяне, калі чакалі хуткага вяртання ўваскрэслага Езуса (а з Яго прыйсцем канца свету і гісторыі). Неўзабаве яны пачалі адчуваць, што вяртанне Езуса пераўзыходзіць межы іх чакання.

Рэакцыя першых вызнаўцаў Хрыста і іх паводзіны былі рознымі. Хтосьці выракаўся ўсялякай актыўнасці, марнуючы час, як узгадвае пра гэта апостал Павел: “мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца  марнымі справамі” (2 Тэс 3, 11). Іншыя страцілі ўсялякі давер і пачалі казаць: “Дзе абяцанне Ягонага прыйсця? Бо ад часоў, калі пачалі паміраць айцы, усё трывае так, як ад пачатку стварэння” (2 Пет 3, 4). Былі і тыя, хто глядзеў на прыродныя катаклізмы (у тым ліку і  эпідэміі) або на гістарычныя драмы сцвярджаючы, што бачаць у іх “знакі блізкага канца” (Лк 21, 7-9).

З часам хрысціянскія супольнасці пачыналі разумець, што ўласцівае чаканне — гэта перш за ўсё здольнасць духа або “сэрца”, цалкам прымаць існуючую рэчаіснасць у рэжыме, як сёння кажуць, рэальнага часу. Захоўваючы спакой, які вынікае з даверу і трывалай упэўненасці ў непахіснасці Божага Слова. Цалкам аддаючыся прэрагатыве Божай волі і Яго прадбачнасці. Таму чаканне — гэта сродак, які выхоўвае ў нас здольнасць да спакойнага выканання штодзённых абавязкаў, мужнасць супрацьстаяць маленькім і вялікім праблемам, якія жыццё прыносіць, між іншым, праз такія вось нявызначаныя сітуацыі. І ўсё гэта адбываецца ў межах таго вялікага “гарызонту”, які носіць імя Божага Плана.

Перажываючы Адвэнт з такім разуменнем, мы становімся сведкамі таго, што і ў наш няпэўны час чаканне не пазбаўлена надзеі.

Адвэнт – час падарожжа

Менавіта такім, у сваім блізкім да кульмінацыі часе Адвэнт быў для Марыі і Юзафа,  якія павінны былі пайсці з Назарэту, што ў Галілеі, аж да Бэтлеема, каб выканаць імператарскі загад аб перапісе насельніцтва. (пар. Лк 2,4). Гэтае падарожжа, каля двухсот кіламетраў пешшу, перадусім для цяжарнай Марыі, напэўна не было лёгкім.

У маўклівай, але хуткай і безумоўнай паслухмянасці Юзафа, у сумленнай разважлівасці Марыі, якая “захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 19, 51), мы маем выдатны прыклад таго, як перажываць сёлетняе Адвэнтовае падарожжа: у радасці з-за няспыннай прысутнасці таго, хто яшчэ ў прароцтвах атрымаў імя Эмануэль — Бог з намі (пар. Мц 1, 23). Радасці, якую не могуць знішчыць “…ні пераслед, ні голад, ні галеча, ні небяспека, ні меч” (Рым 8, 35). Але таксама ні пандэміі, ні грамадская напружанасць, ні іншыя жыццёвыя цяжкасці. “Над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз Таго, Хто палюбіў нас.” (Тамсама). Захаванне духа малітвы і слуханне Божага Слова, як гэта было ў жыцці Юзафа і Марыі, несумненна з’яўляецца дзейсным сродкам, каб заставацца моцнымі ў веры, а таксама быць падтрымкай іншым у гэтым Адвэнтовым падарожжы.

Сёлета час Адвэнту моцна звязаны яшчэ з адным падарожжам – падарожжам Сінадальным, галоўным этапам якога з’яўляецца слуханне меркавання Касцёла, якое будзе немагчымым без вашага ўдзелу. Як мы ведаем, тэма Сінода гучыць наступным чынам: “На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія”. Сінод жадае разглядзець тры важныя тэмы: камунія (еднасць), удзел і місія.

Жаданнем Езуса, як адзінага і добрага Пастыра, было сабраць свой статак — усіх нас, у адну сям’ю. (Ян 10, 11-16). Святы Айцец Францішак, як Вікарый Езуса Хрыста на зямлі, жадае пачуць голас усіх людзей добрай волі, у першую чаргу для таго, каб зразумець, чым жыве Паўсюдны Касцёл ва ўсім свеце, як адбываецца абвяшчэнне Евангелля, якое Езус перадаў сваім апосталам з загадам: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны.” (Мк 16, 15-17).

Адказваючы на заклік Папы, таксама і наша Віцебская дыяцэзія прыме ўдзел у гэтым сінадальным, а ў пэўным сэнсе і місійным падарожжы. Прашу кожнага з вас, па магчымасці, прыняць удзел у сінадальным працэсе асабіста, а таксама  дапамагчы тым, хто знаходзіцца побач: старэйшым людзям, тым, якія, магчыма, адышлі ад Касцёла, і ўсім тым, хто мае жаданне, але і патрэбу ў дапамозе, каб адказаць на пытанні Сінадальнай анкеты, якую можна знайсці ва ўсіх каталіцкіх сродках масавай інфармацыі. Шчыра прашу кожнага душпастыра, каб дапамаглі кожнаму жадаючаму атрымаць копію анкеты. Калі ўзнікне любое пытанне, звязанае з сінадальнай кансультацыяй, заахвочваю без страху звяртацца па кансультацыю ў Дыяцэзіяльную сінадальную камісію.

Адвэнт – час, каб прыйсці на дапамогу

Пандэмія вымушае нас прыглядзецца да шматлікіх праблем нашага агульнага жыцця: эканамічных, сацыяльных, адносін з навакольным асяроддзем, рэлігійнага выхавання дзяцей і моладзі, і іншых.

Для вырашэння гэтых пытанняў нам патрэбныя сэрца і розум, а таксама здольнасць адчуваць адказнасць за складаныя сітуацыі сучаснасці і адвага глядзець з надзеяй ў будучыню. Мы жывём у вельмі хутка зменлівым свеце. Аднак нязменным у ім застанецца тое, што чыніць нас найбольш падобнымі да Хрыста — дабрачыннасць. У Пасланні на Сусветны дзень бедных, Папа Францішак заклікае кожнага хрысціяніна, а таксама палітыкаў тэрмінова змяніць стыль жыцця, бо менавіта эгаізм, які сёння асаблівым чынам пануе ў свеце, правакуе беднасць. Святы Айцец кажа: “Калі вернікі хочуць асабіста ўбачыць Езуса і дакрануцца да Яго рукой, яны ведаюць, куды звярнуцца: бедныя — гэта сакрамант Хрыста, яны прадстаўляюць Яго і кіруюць да Яго”, “Убогіх заўсёды маеце пры сабе” (Мк 14, 7). Святы Айцец рашуча падкрэсліў: “Той, хто не прызнае бедных, здраджвае вучэнню Езуса і не можа быць Яго вучнем, бо бедныя знаходзяцца ў цэнтры шляху Касцёла” (з Паслання Святога Айца на Сусветны дзень бедных 2021).

Таму нам варта вучыцца “аператыўна” прыходзіць на дапамогу патрабуючым не гледзячы на іх паходжанне, веравызнанне ці нават колер скуры. Гэта і ёсць тая міласціна, якая, вядома, вымагае ахвярнасці з нашага боку. Аднак задавальняючы канкрэтныя патрэбы беднага чалавека, пералічаныя Панам у прыпавесці аб апошнім судзе: голад, смагу, аголенасць, зняволенасць і г.д. (Мц 25, 31…), яна становіцца ўнікальнай магчымасцю паслужыць самому Збаўцы.

Карыстаючыся магчымасцю, жадаю выказаць удзячнасць кожнаму з вас за ахвяраванні, якія складаеце са шчодрасці свайго сэрца на справы дабрачыннасці. Памятайма, што нават дробную дапамогу наш Збаўца не абмінае сваёй увагай, як той грош беднай удавы, якая “…укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой” (Мк 12. 44), ці нават звыклы кубак вады.

Святы Вінцэнт дэ Поль, святар, заснавальнік айцоў місіянераў (СМ) і законнай супольнасці Дачок міласэрнасці, які таксама актыўна займаўся дабрачыннай дзейнасцю казаў: “Бедныя — нашы гаспадары, яны — нашыя каралі; мы павінны падпарадкоўвацца ім. І назваць іх так не будзе перабольшаннем, таму што ў бедных — Пан. Якая радасць служыць асобе Езуса Хрыста ў яго бедных!”.

Паспрабуйма прайсці гэты Адвэнтовы шлях разам з Марыяй і Юзафам. Вымоўным знакам на гэтай дарозе служаць Рараты – не абмінайма іх па магчымасці, каб гэтая ранішняя Эўхарыстыя абуджала ў нас тугу па Святле, якое нясе з сабой Божая Маці. Яго промні дапамогуць нам пераадолець цяжкасці нашага часу і адчуць сапраўдную радасць з прыйсця нашага Збаўцы. Бо толькі з Ім мы можам мець спакой, адвагу, і надзею на шчаслівую будучыню як у гэтым свеце, так і ў вечнасці.

 На плённае перажыванне Адвэнту з усяго сэрца благаслаўляю!

+Алег Буткевіч,
Біскуп Віцебскі

Гэты ліст належыць прачытаць ва ўсіх парафіях Віцебскай дыяцэзіі 5 снежня, у другую Нядзелю Адвэнту.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі