Касцёльныя супрацоўнікі ўсё часцей становяцца аб’ектам насілля, — звярнуў увагу папскі фонд Дапамога Касцёлу ў патрэбе. Толькі ў гэтым годзе было забіта 17 духоўных асоб, 20 былі выкрадзены.
“Часта здараецца, што зламыснікі такім чынам хочуць заглушыць голас Касцёла, які кляйміць несправядлівасць і гвалт. Аднак нарастае і агрэсія, крыніцай якой з’яўляецца адсутнасць рэлігійнай свабоды”, — падкрэсліў у інтэрв’ю Kathpress кіраўнік арганізацыі Томас Хайнэ-Гельдэрн.
Асаблівую заклапочанасць выклікае сітуацыя ў Нігерыі, дзе сёлета былі забіты два касцёльных супрацоўнікі, яшчэ сем – выкрадзены. Напады адбываюцца і ў Еўропе.
Фонд звяртае ўвагу на лёс хрысціян, якіх пераследуюць, праз ініцыятыву Чырвоная серада, якая сёлета адзначалася 17 лістапада. З яе нагоды сотні храмаў, помнікаў і грамадскіх будынкаў па ўсім свеце падсвечваюць чырвоным колерам, каб прыцягнуць увагу да з’явы пераследу людзей за веру ў Хрыста.
Па дадзеных папскай арганізацыі, сёння больш за 200 млн хрысціян ва ўсім свеце адчуваюць пераслед, дыскрымінацыю і насілле з прычыны сваёй веры, і тут “назіраецца тэндэнцыя да росту”. У каля 50 краінах людзям ускладняюць вызнаванне сваёй рэлігіі, а ў 14 з іх свабода веравызнання сур’ёзна парушаецца.
Чырвоная серада адзначаецца ў розных краінах з 2015 г. У агульнай малітве і ўшанаванні памяці пераследаваных удзельнічаюць хрысціяне розных канфесій. У 2018 г. у чырвоны “афарбаваўся” у тым ліку і рымскі Калізей.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку