Папа прыняў адстаўку біскупа Аляксандра Кашкевіча

30 верасня Папа Францішак прыняў адстаўку біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з дасягненнем іерархам 75-годдзя.

Як паведаміла ў гэты дзень Апостальская нунцыятура ў Мінску, новым біскупам Гродзенскім стаў біскуп Уладзімір Гуляй, да гэтага часу каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі.

“Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што Святы Айцец Францішак прыняў адмову ад пасады дыяцэзіяльнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыі Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту. Яго наступнікам на гэтай пасадзе становіцца Яго Эксцэленцыя біскуп-каад’ютар Уладзімір Гуляй”, – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні нунцыятуры.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч узначальваў Гродзенскую дыяцэзію з пачатку яе існавання. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго на гэтую пасаду 13 красавіка 1991 г.

Біскупскае пасвячэнне яму ўдзяліў 23 мая 1991 г. у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якому асіставалі арцыбіскуп Эдвард Кісель з Беластока (Польшча) і біскуп Юозас Прэйкшас з Панявежыса (Літва). У той жа дзень адбыўся ўрачысты інгрэс новага біскупа на гродзенскую катэдру.

Біскупскі дэвіз іерарха – “Jesu in Te confido” (“Езу, давяраю Табе”).

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі