Папа Леў XIV: праграма першых дзён пантыфікату

Падчас першага з’яўлення Папы Льва XIV на балконе цэнтральнай лоджыі ватыканскай базілікі

Новаабраны Папа Леў XIV правядзе першую Імшу з кардыналамі ў Сікстынскай капэле ў пятніцу, а ў нядзелю звернецца да вернікаў з малітвай “Regina Coeli”. У панядзелак адбудзецца аўдыенцыя для супрацоўнікаў СМІ.

Кіраўнік Залы Друку Святога Пасада паведаміў аб графіку першых афіцыйных мерапрыемстваў новаабранага Папы Льва XIV. Ужо заўтра, 9 мая 2025 года, новы Пантыфік узначаліць, у адпаведнасці з традыцыяй, святую Імшу ў Сікстынскай капэле разам з Калегіяй кардыналаў. Урачыстая літургія распачнецца ў 11.00.

У нядзелю, 11 мая 2025 года, Пантыфік зноў з’явіцца на цэнтральнай лоджыі ватыканскай базілікі, каб узначаліць велікодную малітву “Уладарка неба” (Regina Coeli) у 12.00. Гэта будзе першы нядзельны малітоўны зварот новага Папы да вернікаў і пілігрымаў, якія збяруцца на Плошчы Святога Пятра.

Акрамя таго, як паведаміў Матэа Бруні, у панядзелак, 12 мая 2025 года, у 10.00 у ватыканскай Зале Паўла VI адбудзецца аўдыенцыя Пантыфіка для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, якія распавядалі ўсяму свету пра гэтыя насычаныя падзеямі дні.

Чакаецца, што ў бліжэйшыя дні будзе абвешчана таксама дата ўрачыстай інаўгурацыйнай Імшы, падчас якой Папа Леў XIV афіцыйна распачне сваё служэнне як Біскуп Рыма і Пастыр Паўсюднага Касцёла.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку