У інтэрв’ю іспанскаму выданню ABC Францішак распавёў пра падарунак, які хацеў бы атрымаць на Божае Нараджэнне, а таксама з жалем прызнаўся, што часам яго асобу выкарыстоўваюць дзеля прыватных інтарэсаў.
На першыя пытанні журналістаў адносна стану здароўя Святога Айца, ён з гумарам заўважыў: “Я дасягнуў такога ўзросту, калі трэба казаць: “Як вы цудоўна трымаецеся!”. Папа адзначыў, што рашэнне адмовіцца ад аперацыі на калене аказалася правільным: ён паступова пачынае хадзіць самастойна.
Папа Францішак заўважыў, што не скарачаў свайго працоўнага графіку ў сувязі з тым, што быў вымушаны перасоўвацца на вазку, бо “кіраванне ажыццяўляецца галавой, а не каленам”.
Святы Айцец прызнаўся, што самым складаным у папскім служэнні для яго з’яўляецца адсутнасць магчымасці выходзіць у горад. “У Буэнас-Айрэсе я быў вельмі свабодны. Карыстаўся грамадскім транспартам, мне падабалася глядзець на людзей, якія ходзяць па вуліцах”, — дадаў ён.
Пантыфік са шкадаваннем заўважыў, што часам яго выкарыстоўваюць дзеля прыватных інтарэсаў. Ён распавёў, як шэсць ці сем гадоў таму адзін кандыдат на выбарах у Аргенціне, прысутнічаў на Імшы ў Ватыкане і быў сфатаграфаваны разам з ім. Папа папрасіў не выкарыстоўваць здымак у палітычных мэтах і яго запэўнілі, што так і будзе. Праз тыдзень, аднак, увесь Буэнас-Айрэс быў абклеены гэтым фота, прадстаўленым так, каб здавалася, што палітык быў прыняты на прыватнай аўдыенцыі. “Так, часам мяне выкарыстоўваюць. Але мы выкарыстоўваем Бога нашмат больш, таму я маўчу і іду далей”, — сказаў Папа Францішак.
Святы Айцец таксама адзначыў, што нярэдка яго словы вырываюцца з кантэксту, у выніку чаго пачынаюць азначаць не тое, што ён хацеў сказаць. На заўвагу журналіста адносна таго, што ніводны Папа дагэтуль яшчэ не размаўляў з прэсай так свабодна, як ён, Пантыфік адказаў: “Часы змяняюцца”.
Гаворачы пра тое, які падарунак ён хацеў бы атрымаць на Божае Нараджэнне, Папа прызнаўся: “Мір у свеце. Колькі войнаў зараз ідзе на планеце! Вайна ва Украіне нас закранае найбольш, але давайце ўзгадаем пра М’янму, Емен, Сірыю, дзе баі ідуць ужо трынаццаць гадоў…”.
Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Vatican News
для друку