14 красавіка 2022 года Папа наведаў турэмны комплекс у горадзе Чывітавек’я, у 70 кіламетрах ад Рыма, дзе ўзначаліў святую Імшу Вячэры Пана з удзелам вязняў і персаналу пэнітэнцыярнай структуры.
Літургія прайшла ў турэмнай капліцы. У ёй бралі ўдзел таксама некаторыя прадстаўнікі італьянскіх уладаў, у тым ліку Міністр юстыцыі, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
У гаміліі Папа Францішак спаслаўся на жэст абмывання ног вучням, які Езус здзейсніў падчас Апошняй вячэры. Папа заўважыў, што Хрыстус абмыў ногі ў тым ліку Юдзе – “здрадніку, які прадасць Яго”. “Пан навучае нас з вялікай прастатой: вы павінны абмываць ногі адзін аднаму”, — сказаў Пантыфік, заклікаючы да ўзаемнага бескарыслівага служэння. “Як цудоўна было б, калі б так рабілася кожны дзень і ўсімі людзьмі”, — дадаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што Езус назваў Юду “сябрам”, чакаў яго да канца, прабачыў усё: “Бог прабачае ўсё і заўсёды! Гэта мы стамляемся прасіць прабачэння”, — нагадаў Папа, а затым, па традыцыі, паўтарыў жэст Езуса, абмыўшы ногі дванаццаці вязням – мужчынам і жанчынам розных узростаў і нацыянальнасцей.
Пасля святой Імшы дырэктар турмы падзякаваў Святому Айцу і падарыў яму гравюру з выявай старажытнага порта Чывітавекі, прадукты з саду, якія вырасцілі вязні, і некалькі падарункаў, зробленых супрацоўнікамі і зняволенымі турмы.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
