Святы Айцец заклікае вернікаў у час Божага Нараджэння звярнуць асаблівую ўвагу на бедных і патрабуючых, памятаючы, што менавіта ў іх прысутнічае Езус.
«Божае Нараджэнне ўжо зусім блізка. Няхай яно стане для кожнага нагодай для духоўнага абнаўлення, малітвы, навяртання, узрастання ў веры і братэрстве між намі. Паглядзім навокал, паглядзім, у першую чаргу, на тых, хто знаходзіцца ў стане нястачы…», — заклікаў Пантыфік пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая 20 снежня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.
Папа нагадаў, што Езус прысутнічае ў людзях, якія пакутуюць. Ён пажадаў, каб Божае Нараджэнне стала для вернікаў часам блізкасці да Хрыста ў гэтых братах і сёстрах.
«Менавіта брат, які знаходзіцца ў патрэбе – гэта тыя яслі, да якіх мы павінны скіравацца з салідарнасцю. Гэта жывыя яслі. Яслі, у якім мы па-сапраўднаму сустрэнем Адкупіцеля, знаходзяцца ў асобах, якія маюць патрэбу. Будзем жа крочыць у кірунку Святой ночы і будзем чакаць спаўнення таямніцы Збаўлення», — заклікаў Святы Айцец.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
