Пантыфік запрасіў у Ватыкан дзяцей, якія прынялі Першую Камунію

31 мая 2021 г. Папа будзе маліцца на ружанцы ў Ватыканскіх садах. У набажэнстве возьмуць удзел дзеці, якія прынялі Першую св. Камунію ў парафіі Санта-Марыя-дэла-Гроціцэла ў Вітэрба.

У апошні дзень мая завяршаецца малітоўны “марафон” у інтэнцыі заканчэння пандэміі каронавіруса, абвешчаны Пантыфікам.

Парафія ў Вітэрба, размешчаным ля Рыма, першай у Італіі прапанавала свае памяшканні для пункта вакцынацыі супраць COVID-19. “Для нашых дзяцей не можа быць нічога лепшага, чым запрашэнне Папы. Мы шчаслівыя і поўныя энтузіязму”, — адзначыў мясцовы пробашч, кс. Джузэпэ Курэ.

Святар прызнаўся, што ўсур’ёз успрыняў мінулагодняе запрашэнне Папы Францішка дапамагаць у барацьбе з пандэміяй. “У нас ёсць дом побач з касцёлам, таму я вырашыў вызваліць месца для цэнтра вакцынацыі. Я думаў у першую чаргу пра пажылых людзей, якім цяжка ехаць некуды далёка. Біскуп пагадзіўся, таму мы з моладдзю прывялі ў парадак некалькі пакояў. Калі пункт пачаў дзейнічаць, людзі сталі прыязджаць не толькі з Вітэрба, але і з усёй правінцыі”, — распавёў душпастыр. Ён прызнаўся, што цяпер намагаецца мабілізаваць да вакцынацыі моладзь.

Май у Каталіцкім Касцёле стаў часам правядзення малітоўнага “марафону” ў інтэнцыі спынення пандэміі і аднаўлення грамадскага жыцця і працоўнай дзейнасці. З ідэяй выступіў Францішак. Кожны дзень ружанцовую эстафету прымаў адзін з марыйных санктуарыяў па ўсім свеце. Ватыканскія СМІ штодзённа ладзілі трансляцыі набажэнстваў.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку