Перад ружанцовай малітвай аб здароўі для Папы Францішка, якая адбылася ўвечары 6 сакавіка 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, прагучала кароткае аўдыёпасланне, запісанае ім у клініцы “Джэмэлі”.
“Дзякую вам ад усяго сэрца за малітвы, якія ўзносіце за маё здароўе на плошчы. Я суправаджаю вас адсюль. Няхай Бог благаславіць вас, а Панна абараняе. Дзякую”, — прамовіў Святы Айцец на іспанскай мове.
Па голасе чутна, што Папу складана размаўляць: яго дыханне цяжкае, а словы ён вымаўляе павольна. Тым не менш, Пантыфік пажадаў запэўніць вернікаў у сваёй блізкасці і ўдзячнасці. З 24 лютага яны штовечар збіраюцца, каб маліцца за яго здароўе.
Ружанцовую малітву ўзначаліў кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, прэфект Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Дачакаўшыся заканчэння працяглых апладысментаў пасля слоў Папы, ён заахвоціў прысутных – касцельных іерархаў, духавенства, кансэкраваных асоб і сотні свецкіх вернікаў – паразважаць над таямніцамі святла.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
