Пантыфік унёс змены ў Кодэкс кананічнага права

papa sjamjaПапа Францішак узгадніў нормы Кананічнага права Касцёла і Кодэкса канонаў Усходніх Касцёлаў. Галоўным чынам змены тычацца пытанняў, звязаных з удзяленнем сакрамантаў хросту і сужэнства. Адмысловы Апостальскі ліст Пантыфіка ў форме “Motu proprio”, падпісаны 31 мая 2016 г., быў апублікаваны ў Ватыкане 15 верасня.

У дакуменце адзначаецца, што да зменаў галоўным чынам падштурхнулі міграцыйныя працэсы. На працягу доўгіх гадоў у праве Рыма-Каталіцкага Касцёла і Усходніх Цэркваў існавалі некаторыя разыходжанні, але з павелічэннем колькасці вернікаў Усходніх Касцёлаў на традыцыйна “лацінскіх” тэрыторыях, наспела патрэба ўзгадніць гэтыя прававыя нормы. Змены пакліканы спрасціць служэнне святароў лацінскага абраду пры ўдзяленні сакрамантаў вернікам усходняга абраду.

На пачатку гаворка ідзе аб цэлебрацыі сакраманту хросту. У Кодэксе кананічнага права з’явіўся новы параграф, які выразна гаворыць аб тым, што калі толькі адзін з бацькоў дзіцяці з’яўляецца католікам, то дзіця таксама з’яўляецца католікам таго самага абраду, да якога належыць адзін з бацькоў католікаў. Такім чынам напрыклад, дзіця, у якога адзін з бацькоў з’яўляецца католікам лацінскага абраду, таксама з’яўляецца католікам лацінскага абраду незалежна ад таго, дзе адбыўся хрост.

Новаўвядзенні таксама тычацца пераходаў з аднаго абраду ў іншы. Калі, напрыклад, чалавек, ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, хоча стаць католікам, ён ходзіць на катэхезу, прымае каталіцкую веру, але пры пераходзе, згодна з правам ён становіцца католікам не лацінскага, але ўсходняга абраду. І для таго, каб перайсці ў лацінскі абрад – у іншы Касцёл “свайго права” (“sui iuris”) – трэба выканаць некаторыя дзеянні.

Як і раней, перайсці ў іншы Касцёл “cвайго права” можна або са згоды Апостальскага Пасаду, або гэта можа зрабіць сужонак пры заключэнні сужэнства або ў часе яго трывання, калі засведчыць, што жадае перайсці ў Касцёл іншага абраду “свайго права” сужонка; пасля таго, як сужэнства перастане існаваць, ён можа свабодна вярнуцца ў лацінскі Касцёл.

Цяпер акрамя гэтага ў Кодэксе з’явілася новае прадпісанне, якое гаворыць аб тым, што кожны пераход у іншы Касцёл “свайго права” набірае моцы з моманту дэкларацыі, зробленай у прысутнасці ардынарыя месца гэтага Касцёла або ўласнага пробашча або святара, дэлегаванага адным з іх і ў прысутнасці двух сведкаў, хіба што рэскрыпт Апостальскага Пасаду пастановіць інакш. Усё гэта павінна быць аднатавана ў кнізе хростаў, дзе таксама павінна быць змешчана інфармацыя аб сакраманце канфірмацыі, сужэнства, святарства, аб скаладанні вечных манаскіх абяцанняў і г.д.

Згодна з новаўвядзеннямі святару лацінскага абраду дазваляецца хрысціць дзяцей бацькоў некатолікаў, калі яны абодва або адзін з іх аб гэтым просяць і калі ім немагчыма, з прычын фізічных ці маральных, звярнуцца да свайго распарадчыка.

Змены тычацца таксама сакраманту сужэнства. Згодна з усходнімі нормамі, благаслаўленне сужонкаў павінен абавязкова здзейсняць святар. У лацінскім абрадзе для гэтага было дастаткова дыякана. Таму Цяпер у Кодэксце кананічнага права з’явілася норма, якая выразна вызначае, што толькі святар можа благаславіць сужэнства, у якім адзін з бакоў з’яўляецца католікам усходняга абраду або некатолікам усходняга абраду (праваслаўным).

Ватыканскае радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі