“Пакліканне, якое не перастае захапляць”: размова з ксяндзом Антоніем Грэмзам

Сёння пра сваё пакліканне “Каталіцкаму Весніку” распавёў ксёндз Антоній Грэмза, рэктар касцёла імя Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.

“Да 10 класа сярэдняй школы, калі б хто сказаў, што я пайду ў Вышэйшую духоўную семінарыю і стану святаром, – гэта было б цяжка ўявіць”, – апавядае святар. Пакліканне да святарства нарадзілася ў юнака акурат у 10 класе, калі ў яго роднай мясцовасці была заснаваная парафія, куды прыехаў служыць ксёндз Станіслаў Лугоўскі, салезіянін.

Адносіны з кс. Станіславам і прыклад яго служэння паўплывалі на хлопца, які неўзабаве стаў міністрантам. Пераломным момантам у выбары жыццёвага шляху аказаліся для будучага святара таксама Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Гродне, дзе ён упершыню ўбачыў семінарыстаў і сур’ёзна задумаўся над тым, што, можа, і яго Бог кліча да святарства. У 1994 годзе хлопец паступае ў Гродзенскую духоўную семінарыю.

Святар разважае: “Усё здаецца звычайным… Але ўсё было задумана Богам і стала правільным выбарам майго жыцця”.

Сёння служэнне людзям, а асабліва моладзі, дае ксяндзу Антонію духоўны імпульс радасці і захаплення святарствам. А пакліканне для святара – гэта сэнс і таямніца жыцця з Езусам у супольнасці Касцёла, якая не перастае зачароўваць!

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку