У гэтым годзе з-за пандэміі каранавірусу яны прайшлі ў скарочаным фармаце: усе падзеі прайшлі ў адзін дзень 1 жніўня.
Урачыстасці распачаліся з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Таксама ў гэты час усе жадаючыя на свежым паветры маглі прыступіць да сакраманту споведзі. А тым часам у касцеле трывала ружанцовая малітва, у якой разам з вернікамі прыняў удзел і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Святая Імша распачалася апоўдні. Напачатку айцец Чэслаў Курэчка МІС, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Росіцы, прывітаў усіх пілігрымаў.
“Мы хваляваліся, што сёлетнія ўрачыстасці з-за пандэміі будзем адзначаць у вузкім коле святароў, – адзначыў айцец Часлаў, – але вы малайцы, не пабаяліся і прыбылі ў Росіцу. Як росіцкія мучанікі ў свой час не пабаяліся паказаць прыклад веры, так і вы не пабаяліся сёння прыехаць”.
Касцёл ва ўмовах пандэміі не арганізоўваў у гэтым годзе пілігрымак, але і не забараняў індывідуальныя. Айцец Чэслаў прывітаў 5 пілігрымаў з Наваполацка, якія прыехалі ў Росіцу на роварах, а таксама некалькі пешых пілігрымаў, якія прыйшлі з Полацка. Сярод іх быў і айцец Ілля Саўчанка з Оршы, які ў гэтым годзе прыняў святарскае пасвячэнне.
А глыбачанін Генадзь Бервячонак у адзіноце прайшоў шлях у 264 км з Барысава. Дарэчы, гэта ўжо яго другая самастойная пешая пілігрымка ў гэтым годзе: месяц таму ён пешшу прайшоў з Росіцы ў Будслаў.
На росіцкую ўрачыстасць сабралася больш за дзве сотні вернікаў, якія прыехалі з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі, былі таксама прадстаўнікі і іншых дыяцэзій Беларусі. Каталіцкую супольнасць краіны прадстаўлялі таксама святары і сёстры законныя. Літургію сваім спевам упрыгожыў хор з Мёрскай парафіі.
Біскуп Алег Буткевіч на пачатку прывітаў усіх вернікаў, падзякаваў ім за прысутнасць: “Няхай заступніцтва Божай Маці нам усім дапаможа!”
У сваёй гаміліі ён звярнуў увагу на каштоўнасць чалавечага жыцця, якая злым чынам была парушаная тут у Росіцы. Прайшло не так шмат часу, крыху больш за семдзесят гадоў, гэта падлога яшчэ памятае слёзы і малітвы тых людзей, што сталіся ахвярамі несправядлівасці, учыненай нацыстамі, нагадаў іерарх.
– З гэтага месца людзі выходзілі на спатканне з Панам, – падкрэсліў біскуп. – Мы таксама ва ўсіх жыццёвых цяжкасцях маем спадзявацца на Бога. І прыклад росіцкіх пакутнікаў можа быць нашай падтрымкай. Будзьма годнымі іх мужнага вызнання сваёй веры.
Перад бласлаўленнем а. Вадзім Мізер зачытаў пісьмо правінцыяла марыянаў айца Тамаша Навачыка МІС, якое ён даслаў з нагоды ўрачыстасцяў у Росіцы. Айцец выказаў шкадаванне, што з-за пандэміі не змог асабіста прыехаць у гэтым годзе ў Росіцу.
Пасля заканчэння Імшы адбылася працэсія да месца мучаніцкай смерці айцоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Яны прынялі мучаніцкую смерць разам са сваімі вернікамі, хаця маглі пазбегнуць гэтага. Карнікі прапаноўвалі захаваць ім жыццё, але святары да канца падзялілі лёс сваіх парафіянаў.
Мясцовыя вернікі разам з пілігрымамі памаліліся за душы замучаных тут людзей, пасля чаго біскуп Алег звярнуўся да прысутных з кароткім словам:
– Тут здзейснілася несправядлівасць у яе найвышэйшым праяўленні – забойства людзей нявінных, – адзначыў ардынарый, – але мы прыходзім сюды не з нянавісцю, але каб навучыцца прабачаць.
Напрыканцы святары і вернікі ўшанавалі крыж, што ўсталяваны на месцы мучаніцкай смерці жыхароў Росіцы і паставілі запаленыя знічы як знак нашай памяці.
Зміцер Лупач, тэкст
Лаанід Юрык, Марына Сінкевіч, фота
Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець па спасылцы>>