“Сённяшні свет патрабуе Божага шаленства”: прэзбітэрый Віцебскага касцёла павялічыўся на двух святароў (+відэазапіс)

23 мая 2020 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім біскуп Алег Буткевіч удзяліў святарскае пасвячэнне. Прэзбітэрамі Касцёла на Віцебшчыне сталі дыяканы Ілля Саўчанка з супольнасці айцоў марыянаў і Яўген Шымановіч.

Для Глыбокага гэта асаблівая радасць: дыякан Ілля нарадзіўся і вырас сярод глыбачан, а дыякан Яўген праходзіў практыку ў парафіі і вельмі спадабаўся вернікам і закрануў іх сэрцы сваімі змястоўнымі і вельмі карыснымі казаннямі і канферэнцыямі.

На ўрачыстасць прыбылі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек, айцы марыяне, якія служаць у Беларусі, святары з Віцебскай дыяцэзіі, а таксама да малітоўнай падтрымкі далучыліся вернікі з Глыбокага і госці з іншых парафій.

На самым пачатку біскуп Алег адзначыў, што збіраемся ў Глыбоцкай святыні, каб прасіць дар Духа Святога, прасіць ласку святарскай паслугі для нашых дыяканаў – Іллі і Яўгена, якія сёння атрымаюць святарскае пасвячэнне. “Значная падзея, якая адбываецца ў такіх неардынарных умовах, але просім ласкі вытрываласці для іх на гэтай дарозе, на якую Пан Бог іх паклікаў, каб былі вернымі і адданымі слугамі Касцёлу і Богу”.

Кандыдаты да святарства пацвердзілі сваю прысутнасць, пасля чаго пробашч Глыбоцкай парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч звярнуўся да біскупа з просьбай аб пасвячэнні новых святароў.

Сваё казанне ардынарый распачаў з развагі над Божым планам, які рэалізоўваецца ў дадзены момант. “Да гэтага дня быў час падрыхтоўкі. Яшчэ раней Бог, перш чым даў жыццё, ужо ведаў, кім будуць. Сёння гэты план Ён рэалізуе. Часта кажуць што ў жыцці чалавека ўзнікае падзея, якая дзеліць жыццё на дзве паловы: “да” гэтага моманту і “пасля”. Сёння для дыяканаў, якраз такі дзень. Вялікая і немагчымая для чалавека місія для выканання. Што трэба для таго, каб місію споўніць? Апостал Павел сёння падказвае — паступаць згодна з пакліканнем.”

Пастыр дыяцэзіі звярнуў увагу на важныя рэчы для паслугі святара –слабасць і пакора. “У слабасці ўдасканальваецца моц чалавека. Заданне чалавека – дазволіць Богу дзейнічаць праз сябе. Гэта прыгожа гучыць, але нялёгка здзейсніць. Чаму? Бо ёсць у чалавека наступства граху першароднага – пыха. Але Езус нам падае прыклад: Бог, які прыйшоў у гэты свет, стаўся падобным да нас ва ўсім, абмежаваў Сваю Боскасць. Прыйшоў, не каб Яму служылі, але каб служыць. Сам Езус паказвае прыклад пакоры. Бог дзейнічае праз пакору. Такі парадокс: людская слабасць і абмежаванні вельмі моцна выхоўваюць у пакоры. Бог будзе пра гэта клапаціцца і будзе вучыць пакоры. Праз біскупа і настаяцеляў будзе ламаць часам вашы планы і патрабаваць паслухмянасці. Гэта не будзе проста, а часам будзе балюча, але гэта адзіная дарога, каб Божая моц і ласка дзейнічала праз вас.(…)

Апостал Павел кажа, што пайсці за Богам – гэта шаленства ў пэўным сэнсе. Сёння мы маем двух “шалёных” людзей, якія адважыліся пайсці гэтай дарогай. Але гэта Божае шаленства, якога патрабуе свет”, — падвёў вынікі сваёй гаміліі іерарх і пажадаў дыяканам служыць у пакоры, з радасцю і па-Божаму.

Пасля таго, як было прамоўлена Божае Слова, распачаўся сам абрад пасвячэння. Біскуп Алег, усклаўшы рукі на кандыдатаў, адарыў іх ласкай Хрыстовага святарства.

У касцёле пачаўся абрад Эўхарыстыі, у якім айцец Ілля і кс. Яўген  упершыню прынялі ўдзел як святары.

Напрыканцы Імшы новапрэзбітэры дзякавалі Усемагутнаму Богу, сваім бацькам, святарам і выхавацелям, якія дапамагалі ў распазнанні пакліканняў, за гэты свой дар, які сёння атрымалі.

Гэтая падзея — вялікая ласка, якой Міласэрны Айцец надзяліў беларускі народ, а асабліва Касцёл на Віцебскай зямлі.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, Зміцер Лупач, відэа

для друку для друку