«Слядамі святых рэліквій». Аднадзённая пілігрымка вернікаў з Дзеркаўшчынскай парафіі

«Слядамі святых рэліквій»… Менавіта пад такім заклікам адбылася аднадзённая пілігрымка вернікаў з парафіі Унебаўшэсця Хрыста Пана ў Дзеркаўшчыне слядамі рэліквій святых: Барысаў, Магілёў, Орша, Лепель.

У Барысаве нас сустрэў капелан Яго Святасці ксёндз пробашч Уладзіслаў Завальнюк, які гасцінна і па-гаспадарску разам з іншымі вернікамі апекаваўся намі на гэты час.

Была магчымасць наведаць Японскі сад пры касцёле і захапляцца неверагоднай прыгажосцю, дзе нават жывы заяц знайшоў сабе ўтульнае месца для жыцця. Пасля супольнай малітвы ў касцёле Спаслання св.Духа і благаслаўлення пробашча пілігрымы вырушылі ў Магілёў у парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Там таксама ўшанавалі абраз і рэліквіі св. Мікалая.

Ксёндз пробашч Уладзімір Русак сустракаў з прафесійным гідам, які распавёў нам пра багатую гісторыю велічнай святыні. На заканчэнне, атрымаўшы благаслаўленне ад пробашча, павандравалі ў Оршу, дзе калісьці наш пробашч ксёндз канонік Валерый Орсік пабудаваў святыню. Удзячныя Богу за такіх добрых людзей вакол нас і ўвогуле за гасціннасць маліліся ў касцёле Беззаганнага Сэрца Марыі. Сардэчныя парафіяне віталі з вялікай радасцю свайго былога пробашча.

Пасля неспадзяванага але вельмі прыемнага пачастунку, прыгатаванага вернікамі парафіі, вырушылі ў Лепель. Там нас таксама прынялі быццам бы як сям’я. Распавялі пра сваю парафію св. Казіміра, алтар рэліквіярый. Пасля вячэры, радасныя і сытыя вярнуліся дамоў. У дарозе нам спадарожнічалі малітвы, спевы, разважанні, цікавыя гістарычныя звесткі і цудоўны настрой.

Няхай Бог аддзячыць усім, хто нас сустракаў, частаваў смакоццямі і таксама арганізаваў гэтую пілігрымку «Слядамі святых рэліквій»…

Рыта Ікановіч, тэкст і фота

для друку для друку