Сёлетняй восенню ў Глыбокім адзначылі незвычайную дату: 35 гадоў таму распачалі служэнне ў парафіі Святой Тройцы сёстры-францішканкі Сям’і Марыі.
Ордэн быў заснаваны святым Зыгмунтам Шчэсным Фелінскім у Санкт-Пецярбургу ў 1857 годзе. Сёння сёстры служаць у розных краінах па ўсім свеце: у Польшчы, Бразіліі, Італіі, Украіне, Беларусі, Расіі і ПАР, апякуюцца старэйшымі людзьмі, служаць пры парафіях як закрыстыянкі, арганісткі, катэхэткі.
Пра тое, з чаго ўсё пачыналася і пра сучаснае служэнне манахінь, мы паразмаўлялі з сястрой Людмілай Рубніковіч – настаяцельніцай кляштару ў Глыбокім.
– Як і калі ў Глыбокім з’явіліся сёстры Вашай Кангрэгацыі?
– У чэрвені 1990 года ў парафію прыехала з Польшчы сястра Альжбета Венерская. Яе служэнне адназначна зрабіла вельмі вялікае ўражанне на кожнага верніка і на мяне таксама. Шмат працы было здзейснена дзякуючы яе рукам і яе здольнасцям. Сястра катэхезавала дзяцей і моладзь, апекавалася дзяўчатамі ў хоры, займалася кветкамі.
Асаблівым месцам служэння стала святыня. Тут з’явіліся вельмі прыгожыя дэкарацыі на кожны літургічны перыяд Касцёла – плён працы яе рук. Таксама дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча ксяндза Кірыла Клімовіча, сястры Альжбеты і, канешне ж, дапамозе шматлікіх парафіянаў у 2002 годзе паўстаў новы будынак кляштара.
Парафія жыла і ўзрастала духоўна. Сястра Альжбета малілася, паказвала прыклад манаскага жыцця і служэння. Бачачы гэты прыклад, дзяўчаты з Глыбокага і ваколіц узрасталі ў сваім пакліканні.
– Напэўна, пакліканне ў той час адчулі і Вы?
– Так, тады я была пятнаццацігадовым падлеткам, вельмі любіла назіраць за сястрой Альжбетай, яе паставай, яе служэннем. Мне было цікава, як і што яна робіць.
Кволыя парасткі паклікання я пачала адчуваць недзе ў пятым класе, але тады не разумела, што рабіць, каб яго рэалізаваць. Дзякуючы сястры Божы заклік у маім сэрцы ўзмацняўся, можна сказаць, што я стала першай манахіняй з нашай парафіі.
– Былі і іншыя дзяўчаты?
– Так, некалькі дзяўчат прыходзіла і казала, што таксама хочуць стаць манахінямі. Гэта сястра Ганна Блышко, якая сёння служыць у Глыбокім, сястра Таццяна Данч і сястра Марыяна Гроць, каторыя нясуць служэнне ў Варапаеве.
Дзве сястры з Глыбоччыны служаць за мяжой: у Іркуцку – сястра Вераніка Дземідовіч і сястра Ірына Раманчук – у Рыме.
Сястра Альжбета працавала ў парафіі да 2003 года, а 17 чэрвеня 2020 года адышла па ўзнагароду да Пана. Сёння мы з удзячнасцю молімся аб вечным супакоі для яе душы.
– Якія плёны служэння сясцёр у парафіі бачыце Вы сёння?
– Думаю, што кожны дзень і кожны год служэння прыносіць свае плёны. Я ўпэўненая: калі мы сустрэнемся з Панам Богам у Нябесным Валадарстве, Ён напоўніцу нам іх адкрые.
З майго пункту гледжання, праца сясцёр найбольш заўважная для людзей у храме: гэта і прыгожыя кветкі і дэкарацыі, якія сапраўды дапамагаюць успрыняць зрокам і сэрцам асаблівасці розных літургічных перыядаў. Таксама мы служым у закрыстыі, катэхізуем дзяцей, моладзь і, канешне ж, шмат молімся.
Ужо некалькі гадоў у нашым кляштары існуе практыка няспыннай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту некалькі дзён на месяц. І ўдзень, і ўначы сюды на малітву можа прыйсці любы парафіянін. Я перакананая, што гэтая практыка таксама плённая.
Вельмі прыемна сустракаць дзяўчат і хлопцаў, якіх калісьці сёстры катэхізавалі, рыхтавалі да першай Камуніі. А сёння – гэта дарослыя людзі, якія захавалі веру, ходзяць у касцёл і памятаюць нас, якія дапамаглі ім сустрэцца з Езусам Хрыстом.
Дарэчы, апошнім маштабным вынікам нашага служэння стала адкрыццё і праца ў святліцы, што распачалося ў 2019 годзе.
– Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра дзейнасць святліцы?
– Калі казаць проста, то гэта другая палова дня для дзяцей, але з хрысціянскім напрамкам. Дзеці-школьнікі пад апекай сясцёр і валанцёраў прыходзяць сюды, каб зрабіць урокі, правесці разам час. Таксама праводзяцца малітвы, катэхезы, розныя актыўнасці.
Гэта сапраўды прыгожая справа, бо сучасныя дзеці шмат часу праводзяць перад гаджэтамі. У святліцы ж апроч заняткаў мы стараемся шмат часу прысвячаць стасункам, гульням, майстар-класам і іншым цікавым рэчам. Праз такую паслугу мы разам робім уклад у чысціню і прыгажосць дзіцячых душаў.
– Што найбольш захапляе ў манаскім жыцці менавіта Вас?
– Мяне захапляюць шматлікія рэчы. Перадусім – гэта праўда, што чалавека заўсёды кліча Бог. Пакліканне да манаскага жыцця – гэта таямніца. Людзі часта пытаюцца ў мяне: “Як Вы атрымалі пакліканне?” А я шчыра адказваю: “Не ведаю”. І я сапраўды адчуваю, што такое служэнне – Божая ласка і маёй заслугі тут няма. Мяне захапляе адчуванне, што я – Божае дзіцё і ў манаскім жыцці магу адкрываць гэты дар штодня.
Жыццём манаха або манахіні сапраўды кіруе Бог, Ён вызначае шлях. Мне застаецца толькі слухаць Яго голас і ісці за гэтым голасам. Вядома ж, каб не згубіцца на шляху, трэба мець чулае і адкрытае сэрца.
Захапляе служыць для Бога праз людзей. Калі я іду да іншага чалавека ў імя Божае, то разумею: зараз праз мяне, праз маё служэнне дзейнічае Пан. І гэта яшчэ адна вельмі прыгожая таямніца.
– А як сястру-настаяцельніцу, што радуе Вас найбольш?
– Самая вялікая радасць ад супольнай працы сясцёр, калі праз нашу паслугу можна праслаўляць Бога. Не сясцёр, а менавіта Бога, тады бачна, што служэнне мае асаблівую сілу, натхненне і прыклад.
– Ці адчуваеце Вы падтрымку і ўдзячнасць ад парафіянаў?
– Я ўпэўненая, што яе адчуваюць усе нашыя сёстры. Асабліва каштоўная малітоўная падтрымка. Людзі моляцца за сясцёр, нават калі ніхто пра гэта не просіць. Часам вернікі падыходзяць і кажуць: “Я малюся за Вас некалькі разоў на дзень”. А калі бачаць, што сястра некуды паехала, яе доўгі час няма ці ведаюць пра некаторыя нашыя цяжкасці, то памнажаюць гэтую малітву. Нам становіцца вельмі прыемна і радасна. Такая падтрымка дае магчымасць усведамляць: усе мы – адна вялікая сям’я.
Некаторыя старэйшыя парафіянкі клапоцяцца пра нас як сапраўдныя мамы пра сваіх дзяцей. Сёстры ніколі не застаюцца адны, калі просяць дапамогі: нашыя вернікі заўсёды адгукаюцца і на просьбу падзяліцца прадуктамі, і на заклік пра дапамогу ў фізічнай працы ці нейкіх арганізацыйных справах.
Сапраўды, глыбоцкія парафіяне – асаблівыя людзі. І гэта заўважаем не толькі мы, сёстры, але і госці, і нават святары, якія прыязджаюць у наш касцёл. Тут сапраўдная гасцінная, шчырая, цёплая сямейная атмасфера. І я хачу падзякаваць кожнаму парафіяніну ад імя сясцёр і запэўніць у нашай малітве і ўзаемнай любові.
Размаўляла Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!











