З 29 красавіка па 2 мая 2024 года ў Сакрафана бліз Рыма пройдзе Міжнародная сустрэча парафіяльных святароў. У апошні дзень мерапрыемства яго ўдзельнікі сустрэнуцца з Папам Францішкам, каб у форме дыялогу абмеркаваць пытанні сінадальнасці.
Сустрэча Пробашчы для Сінода прымеркавана да другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Яе ўдзельнікі абмяркуюць тэму Як быць Сінадальным мясцовым Касцёлам у місіі.
Як патлумачыў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, намеснік кіраўніка Генеральнага сакратарыята Сінода і каардынатар сустрэчы, гэта будзе сустрэча, прысвечаная слуханню, малітве і распазнаванню. Яе арганізатары – Генеральны сакратарыят Сінода, Дыкастэрыя па справах духавенства, Дыкастэрыя па евангелізацыі (секцыя па першай евангелізацыі і новых мясцовых Касцёлах) і Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў.
Ініцыятыва з’яўляецца адказам на рэкамендацыю ўдзельнікаў першай сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода больш прыслухоўвацца да пробашчаў.
Сярод асноўных мэт сустрэчы – абмен ідэямі, матэрыяламі і досведам сінадальнасці у парафіях і дыяцэзіях. Колькасць яе ўдзельнікаў складзе больш за 200 чалавек. Пры іх адборы Канферэнцыі Біскупаў і Усходнія Цэрквы аддавалі перавагу тым кандыдатам, якія маюць значны вопыт сінадальнасці, а таксама імкнуліся захаваць пэўную разнастайнасць кантэкстаў (сельскіх, гарадскіх, сацыякультурных), у якіх дзейнічаюць пробашчы.
Праграма сустрэчы складаецца з дзвюх частак. Першая пройдзе ў Сакрафана з 29 красавіка па 1 мая 2024 года і будзе ўключаць даклады экспертаў, размовы, працу ў групах, пленарныя пасяджэнні, малітву і Эўхарыстыю.
Другая частка мерапрыемства пройдзе ў Ватыкане 2 мая 2024 года. У яе рамках адбудзецца сустрэча пробашчаў з Папам Францішкам, якая ў форме дыялогу пройдзе ў Новай зале Сінода Біскупаў. У той жа дзень ля алтара кафедры ў базіліцы святога Пятра адбудзецца Святая Імша для ўдзельнікаў форума.
Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку